Расіянін Дуднікаў у камеры СІЗА баіцца піць з кубкаў

13/07/2021 - 13:32

20-гадовы расіянін Ягор Дуднікаў даслаў маці ліст з мінскага СІЗА №1. Яму працягнулі знаходжанне пад вартай да 6 жніўня. Маці спаткацца з ім не дазволілі.

У лісце хлопец піша, што ў яго камеры знаходзяцца 13 чалавек. "Камера без прагулак (больш за палову не хочуць хадзіць). Пішуць пастаянна рапарты на сукамернікаў. Чарга на карцар. Камера самая праблемная на "прадоле". "Стакан" параўнальна з камерай — рай, я там кайфану ў цішыні",цытуе Радыё "Свабода" ліст палітвязня.

Дуднікаў адзначае, што баіцца піць з кубкаў, бо ў камеры ёсць хворы на СНІД і гепатыт.

Разам з тым ён піша, што яму палячылі зуб, паставілі часовую пломбу.

Дуднікава вінавацяць у арганізацыі і ўдзеле ў дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак (ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса). Ён агучваў відэаролікі і аўдыёпаведамленні ў тэлеграм-канале "ОГСБ". У лісце з СІЗА хлопец расказваў, як яго білі і катавалі пасля затрымання. 

Умовы ў СІЗА ён параўноўваў з Асвенцімам. Тым не менш расійскія дыпламаты пасля наведвання Дуднікава заявілі, што ў яго няма скаргаў на ўмовы ўтрымання.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі