Відавочца апублікаваў фота з месца аварыі беларускага аўтобуса ў Грузіі

13/08/2026 - 15:27

Аварыя з беларускім бусікам у Грузіі / threads.com/@mr_aeru/

У сацсетках з'явіліся фатаздымкі з месца аварыі беларускага бусіка ў Грузіі. Апублікаваў іх карыстальнік сацсеткі Threads пад нікам MIKOLA AERU, які стаў сведкам жудаснага здарэння.

Паводле яго, на месца здарэння прыехалі чатыры хуткія і ратавальнікі. Мікола сам агледзеў месца аварыі, распытаў знаёмага кіроўцу і яшчэ аднаго відавочца трагедыі.

"Казалі, што перагрэліся тармазы, яны сталі мяккімі, і бус пакаціўся з вялікай хуткасцю на павароце. Перакуліўся бус ды вылецеў за агароджу і моцна дахам ляснуўся аб дрэва.
Дрэва надвое бус зламала, частка людзей вылецела праз вокны ў абрыў, а частку людзей разламаным надвое бусам моцна заціснула між сабою, і яны павіслі ў крыві, загінулі імгненна. (На фота гэты момант.)
Таксама некалькі чалавек крычалі ад болю, іх заціснула зверху, выцягвалі ратавальнікі".

Таксама ён кажа, што паводле неафіцыйных звестак кіроўца выскачыў з буса перад самым ДТЗ.

"Сам па сабе дзень быў жахлівы: мы пабачылі ажно чатыры ДТЗ ад самога Батумі, дзе хтосьці заляцеў на капот, грузавік, што ляснуўся ў дрэва, згарэлую фуру і да гэтага жахлівага ДТЗ у гарах", — прызнаецца беларус.

Як паведамлялася раней, у аварыі ў Грузіі загінулі чатыры беларускія турысты. Яшчэ 15 нашых суайчыннікаў (у тым ліку шасцёра дзяцей) атрымалі траўмы. 11 чалавек дастаўленыя ў лякарню Батумі, двое з іх знаходзяцца ў рэанімацыі, але іх стану нічога не пагражае.

Чатыры чалавекі ў больш цяжкім стане дастаўлены ў лякарні гарадоў Азургеці і Чахатауры. Іх стан ацэньваецца як сярэднецяжкі і цяжкі.

Аварыя з беларускім бусікам у Грузіі / threads.com/@mr_aeru/

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі