Кіеў паведамляе пра значна большую колькасць збітых самалётаў, чым лічаць на Захадзе / https://www.facebook.com/GeneralStaff.ua
З 24 лютага Расія страціла над Украінай 55 самалётаў. Яны былі збітыя ўкраінскай супрацьпаветранай абаронай. Пра гэта заявіў камандуючы Ваенна-паветранымі сіламі ЗША Джэймс Хэкер. Ён падкрэсліў, што Расія была добра інфармаваная пра СПА Украіны, аднак, нягледзячы на ўсе намаганні, у канцы лютага 2022-га знішчыць сродкі абароны не ўдалося.
У выніку, адзначае Хэкер, праз больш за паўгода вайны расійскія самалёты рэдка залятаюць углыб украінскай тэрыторыі. Яны з адлегласці выпускаюць ракеты вялікай далёкасці.
"Калі яны паспрабавалі выкарыстоўваць свае знішчальнікі, свае самалёты ў зонах паражэння ўкраінскімі ракетамі, гэтыя самалёты былі збітыя", — заявіў Джэймс Хэкер.
"Бі-Бі-Сі" нагадвае, што ў панядзелак брытанскае Мінабароны таксама заявіла пра 55 збітых украінцамі расійскіх самалётаў. Чатыры з іх "вельмі верагодна" былі знішчаны за апошнія дзесяць дзён. Мяркуецца, што з-за ўкраінскага контрнаступу расійская авіяцыя стала зноў рызыкаваць, спрабуючы падтрымліваць свае войскі. Аднак пры хуткай змене лініі фронту расійскія пілоты маглі трапляць у зону інтэнсіўнай украінскай супрацьпаветранай абароны.
Брытанскія вайсковыя эксперты лічаць, што адсутнасць вызначальнай перавагі ў паветры застаецца важным фактарам слабасці расійскіх аперацый ва Украіне.
Тым часам Генштаб Украіны ў сваіх зводках паведамляе пра 251 збіты расійскі самалёт.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут