Расія перамяшчае танкі да межаў Беларусі

01/06/2016 - 16:53

Расія стварае новыя вайсковыя базы са "значным ударным патэнцыялам" уздоўж беларускай мяжы. Пра гэта паведамляе Радыё "Свабода" са спасылкай на даследчыкаў-валанцёраў з групы InformNapalm. У прыватнасці, эшалоны вайсковай тэхнікі і вайскоўцы 28-й асобнай мотастралковай брыгады з Екацярынбургу прыбылі ў Клінцы Бранскай вобласці, што за 90 км ад Гомеля.

Высновы зробленыя па шматлікіх здымках у сацсетках, якія публікуюць і самі расійскія вайскоўцы, а таксама па публікацыях мясцовых СМІ.

Паведамляецца, што брыгада, якая размясцілася каля аўтамагістралі Гомель-Бранск, "атрымала значны баявы досвед у выніку расійскай вайсковай агрэсіі супраць Украіны і Сірыі".

Незалежны ваенны эксперт Аляксандр Алесін не бачыць пагрозы ў перамяшчэнні расійскіх войскаў да беларускай мяжы. Ён нагадаў, што Расія збіралася сфармаваць на тэрыторыі Смаленскай і Бранскай абласцей дзве мотастралковыя дывізіі. Зрэшты, ён не выключае, што перакідванне войскаў можа быць звязанае з тым, што Расія не цалкам давярае Беларусі ў пытаннях абароны і таму выбудоўвае "другую лінію абароны" на сваёй тэрыторыі.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі