Расія павялічвае імпарт бензіну з Беларусі — Reuters

28/03/2024 - 05:22

Расіяне чакаюць бензін з Беларусі / ria.ru

Расія павялічвае імпарт бензіну з Беларусі, паведамляе Reuters са спасылкай на свае крыніцы. Адбываецца гэта на фоне скарачэння ўнутраных паставак у РФ і рызыкі з'яўлення дэфіцыту. Праблемы ўзніклі з-за атак беспілотнікаў па нафтаперапрацоўчых прадпрыемствах у Расіі і іх пазапланавых рамонтаў. Ужо ў лютым адзначалася скарачэнне перапрацоўкі нафты.

Калі ў студзені паставак не было, а ў лютым 2024-га РФ імпартавала з Беларусі 590 тон бензіну, дык у першай палове сакавіка — амаль 3 тысячы тон. Цяпер паміж урадамі і нафтавымі кампаніямі ідзе абмеркаванне далейшага імпарту з РБ. Дарэчы, беларуска-расійскія перамовы ішлі складана, паколькі для Беларусі прыярытэтам з'яўляюцца пастаўкі аўтамабільнага паліва на міжнародныя рынкі (яны ў асноўным ідуць праз расійскія парты), а не ў РФ. Расійскі бок прапаноўваў дадатковыя пастаўкі нафты на беларускія НПЗ у абмен на павялічванне паставак нафтапрадуктаў з РБ.

У жніўні-кастрычніку 2023-га ўжо была падобная сітуацыя, калі пастаўкі нафтапрадуктаў з Беларусі дапамаглі стабілізаваць сітуацыю з аўтамабільным палівам у РФ (там імкліва раслі цэны).

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі