"Пункта незвароту яшчэ няма": што думаюць пра РБ у памежнай вобласці Украіны

12/12/2022 - 16:10
Віталь Коваль, кіраўнік Ровенскай ваеннай абласной адміністрацыі / "Украінская праўда"

Стаўленне жыхароў памежнай з Беларуссю Ровенскай вобласці Украіны "сапсавалася трохі", але "дакладна няма пункта незвароту", кажа кіраўнік ваеннай адміністрацыі вобласці Віталь Коваль у інтэрв'ю "Украінскай праўдзе".

– Калі параўнаць, то ў разы горшае, чым было, але дакладна яшчэ не той пункт біфуркацыі, калі ўжо: "Ты хто? – Беларус. – Не размаўляю з табой".

Выданне апублікавала вялікае інтэрв'ю Коваля, у якім яго распытваюць пра стаўленне да беларусаў. Еўрарадыё пераказвае галоўныя тэзісы.
 

Ёсць адчуванне пагрозы з поўначы. Але не ад беларусаў

— У нас цяпер няма такога адчування, што мы будзем супраціўляцца беларусам. У нас ёсць адчуванне пагрозы з поўначы — нейкія прыватныя арміі, незразумелыя фармаванні, незразумелыя флагштокі на тэхніцы могуць быць. У нас ужо быў вопыт "зялёных чалавечкаў". Таму ёсць адчуванне патэнцыйнай пагрозы.

Калі мы з вайскоўцамі планавалі абарону, яны казалі: калі чыста пойдуць беларусы, гэта будзе папаўненне парку тэхнікі.

Матывацыі там няшмат. За што яны будуць ваяваць? Я не ведаю. За грашовыя знакі? Ну, нейкая частка — так, ім усё роўна, дзе ваяваць. Але за ідэю? Няма ідэі.
 

Народ у Беларусі “весялейшы”

Журналісты "Украінскай праўды" кажуць, што далёка не ўсе расіяне ваююць "за ідэю". Коваль адказвае: расіян штурхаюць у вайну, і праз сістэму аўтакратыі яны не супраціўляюцца.

— А ў Беларусі меншая аўтакратыя? — удакладняе журналіст.

— Меншая, вось шчыра скажу — меншая. У Беларусі вельмі моцная вертыкаль падпарадкавання, але народ там весялейшы. Беларусы — дакладна не рускія. Магчыма, гэта праз прызму таго, што мы ведаем многіх з Беларусі.
 

Нашы людзі збіралі ў Беларусі ягады

Коваль нагадвае, што да вайны ў Ровенскай вобласці былі цесныя сувязі з Беларуссю.

— У нас былі нядрэнныя сувязі да вайны ў дрэваапрацоўцы і ў прадуктах харчавання, мы актыўна супрацоўнічалі.

І проста чалавечыя кантакты былі наладжаныя. Украінцы збіралі ягады на беларускіх тэрыторыях, функцыянавалі спрошчаныя пункты пропуску, якія адкрываліся акурат у перыяд збору ягад і грыбоў.

— Нашы людзі заходзілі і адзначаліся, што ідуць у ягады. Беларусы пастаянна прыязджалі да нас па закупкі. Яны любілі прыехаць у роўна на выходныя. 40% пасажыраў аэрапорта роўна ў пандэмію COVID-19 былі беларусы. У іх быў пакет выхаднога дня: Макдональдс, закупкі, рэстаран. Яны тут дыхалі свабодай.

У нас была задача пабудаваць дарогу ад Роўна да нулявога кіламетра (мяжа. УП) . Мы 120 кіламетраў зрабілі, там яшчэ трохі засталося.
 

Беларусы гавораць: "Ды ну, якая вайна?”

— Яны [расіяне] пастаянна падцягваюць за сабой беларусаў. На міжасобасным узроўні беларусы кажуць: "Ды ну, якая вайна?! Куды? За каго?" А іх падцягваюць, падцягваюць.

Таму што мы бачым, не хапае ўзбраення расіянам. І расцягнуць фронт, наш фокус увагі адцягнуць яшчэ на тысячу кіламетраў — задума, мабыць, чыста па-ваеннаму правільная. Таму што весці яшчэ на тысячу кіламетраў фронту цяжэй.

А што будуць рабіць беларусы, калі ўсё ж атрымаюць загад пайсці ў наступ? Коваль бачыць два варыянты:

— Першы — не захочуць выконваць (мы ж ведалі выпадкі, калі разразалі колы, спускалі дызель у машынах). Другі — можна рабіць выгляд, што вы актыўна настроеныя на прарыў, але доўга збірацца. Але рызыка атрымаць загад ёсць, гэта трэба разумець.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі