Псіхатэрапеўт: Самагубцаў больш, чым ахвяраў пажараў і ДТЗ разам

18/04/2017 - 14:54

2042 чалавекі ў Беларусі скончылі жыццё самагубствам у 2016 годзе. У катэгорыі “смерць па знешніх прычынах” самагубствы на першым месцы. На другой пазіцыі ― смерць ад алкаголю, яшчэ менш загінула ў ДТЗ.

У папярэднія гады колькасць самагубстваў у Беларусі была меньшай: 2013 год ― 1903, 2014 год ― 1742, 2015 год ― 1717 выпадкаў. Атрымліваецца, за год колькасць самагубстаў павялічылася амаль на 19%, яны ўвесь час моцна апярэжваюць алкаголь і ДТЗ. Ці нармальная гэта з’ява ў параўнанні з іншымі краінаму свету, а таксама пра прычыны такой колькасці самагубстваў Еўрарадыё спытала ў намесніка галоўнага ўрача па памежнай псіхіятрыі мінскага гарадскога клінічнага псіхіятрычнага дыспансэра, кандыдата медыцынскіх навук Сяргея Давідоўскага.

Еўрарадыё: Больш за дзве тысячы самагубстваў на дзевяць з паловай мільёнаў насельніцтва ― гэта шмат? Як у іншых краінах з гэтай статыстыкай?

Сяргей Давідоўскі: Трэба разумець, чаму ў 2016 годзе атрымалася такая лічба. Да міжнароднай статыстыкі трэба ставіцца даволі скептычна. Напрыклад, у Егіпце ўзровень самагубстваў 0,03 на сто тысяч насельніцтва. У гэтыя лічбы проста ніхто не паверыць. Ці аднойчы Азербайджан падаў дадзеныя, што не было ўвогуле самагубстваў. Такога проста не можа быць…

Што ж тычыцца нашых лічбаў, то ў 2016 годзе памяняўся падыход да ўліку. Таму казаць, што гэтая лічба адлюстроўвае існуючую дынаміку, будзе няправільна. У апошнія гады ў Беларусі назіралася дынаміка на зніжэнне: недзе 18,3 ― 18,7 на сто тысяч насельніцтва. Таму сказаць, што, паводле статыстыкі, адбыўся рост колькасці самагубстваў, можна, але сказаць, што ў Беларусі сталі часцей гэта рабіць ― нельга. Наколькі я ведаю, рост адбыўся толькі ў асобных рэгіёнах краіны. А па дадзеных Следчага камітэта, у 2016 годзе па краіне было зніжэнне колькасці самагубстваў.

Калі браць міжнародную класіфікацыю, то краіны з такімі лічбамі знаходзяцца на сярэднім паказчыку суіцыідальнай актыўнасці. З гэтым трэба працаваць. У Беларусі існуе комплексны план па прафілактыцы суіцыдаў на 2015-2019 гады.

Еўрарадыё: Ну, а тое, што самагубцаў болей на 500 чалавек, чым смерцяў ад алкаголю…

Сяргей Давідоўскі: Я вам больш скажу! Колькасць самагубстваў перавышае агульную смяротнаць ад пажараў і ДТЗ. Адсюль вынікае пытанне: якія рэсурсы затрачаныя на папярэджанне ДТЗ і пажараў, а якія на папярэджанне суіцыдаў? Напрыклад, ці ёсць у СМІ інфармацыя, куды звярнуцца за псіхалагічнай дапамогай, калі яна патрэбная? Існуе вялікая праблема, каб зняць ролік і выпусціць яго на тэлебачанні.

Еўрарадыё: То бок у насельніцтва Беларусі няма разумення таго, наколькі сур’ёзная гэтая праблема?

Сяргей Давідоўскі: Так! У нас жа шмат увагі надаюць гвалту ў сям’і, праводзіцца сур’ёзная работа, тэлефоны паўсюль. Пытанне: а колькі чалавек памерла ад гвалту ў сям’і? Дык а якая рэкламная кампанія мусіць быць больш значнай? Можа, усё ж такі накіраваная на тое, каб папярэдзіць сыход з жыцця людзей? А гэта, між іншым, пераважна мужчыны больш сталага веку, якія, відаць, не ведалі, куды звярнуцца за дапамогай.

Еўрарадыё: Ці ўплывае на рост колькасці самагубстваў эканамічнае становішча ў краіне?

Сяргей Давідоўскі: Я вас разумею. Вельмі хочацца звязаць дзве гэтыя з’явы, бо ўсё выглядае лагічна. Але, калі быў крызіс 2008-2009 гадах, росту колькасці суіцыдаў не было. А час быў цяжкі. Безумоўна, сацыяльныя ўмовы ўплываюць на колькасць самагубстваў. Але, напрыклад, у Даніі і Фінляндыі высокі ўзровень самагубстваў, для фіна-угорскага насельніцтва ў прынцыпе характэрны высокі ўровень самагубстваў. Яшчэ, прыклад, Расія. У іх былі прыкладна тыя ж паказчыкі, што і ў нас, але не было зменаў у метадалогіі. У 2016 годзе ў Расіі ўзровень самагубстваў зноў знізіўся. То бок у нас змянілася дынаміка, у іх ― не.

Але гэта не кажа пра тое, што сацыяльна-эканамічны стан краіны ніякім чынам не ўплывае на колькасць самагубстваў. Сярод тых, хто гэта робіць, часцей за ўсё ці беспрацоўныя, ці пенсіянеры. Гэта значны фактар. І, натуральна, калі ёсць рэзкае пагаршэнне эканамічнага стану, то гэта негатыўна ўплывае на колькасць самагубстваў. Але прамой заканамернасці няма.

Еўрарадыё: Дык якія прычыны самагубстваў? Вы сказалі, што ў нас гэта пераважна беспрацоўныя і пенсіянеры…

Сяргей Давідоўскі: Гэта характэрна не толькі для нас, але і для іншых краін. Людзі, якія сацыяльна не занятыя, знаходзяцца ў групе рызыкі. Для маладых людзей праблемы з любімым чалавекам ― таксама рызыка суіцыідальных паводзінаў. Але і тут прама звязваць нельга, бо фактараў шмат. Апошнім часам разглядаюць генетычную схільнасць да самагубстваў. І па вялікім рахунку, цяпер прынята лічыць, што гэта адна з формаў чалавечых паводзінаў, якая з’яўляецца ў стрэсавых сітуацыях і характэрная для любых груп насельніцтва. Таму пагаршэнне сітуацыі можа справакаваць. Вось таму родныя і блізкія мусяць з увагай ставіцца да тых, хто іх атачае. Непрыхаваная агрэсія, абвінавачванні ці патрабаванні, якія не маюць пад сабой рэальнай асновы, неспрыяльна адбіваецца на стане чалавека і, на жаль, могуць яго падштурхнуць да падобных дзеянняў.

Еўрарадыё: Вы ўжо сказалі пра тое, што для фіна-уграў характэрная высокая колькасць суіцыдаў, сказалі, што ў свеце разглядаюць магчымасць генэтычнай схільнасці да суіцыду, плюс, Беларусь займае даволі высокія месцы ў агульных рэйтынгах па гэтым паказчыку… дык, можа, гэта генэтыка?

Сяргей Давідоўскі: Сапраўды, Беларусь была на 4-м месцы в свеце, цяпер ― на 11-м. Да 2007 года ў нас былі лічбы каля 30 самагубстваў на сто тысяч насельніцтва ― гэта вельмі высокі паказчык. Цяпер ён значна зменшыўся, тым не менш, гэта вельмі шырокая з’ява. Каб даказаць, што адбылося самагубства, трэба даказаць, што гэты чалавек менавіта мэтанакіравана гэта зрабіў, на гэта не паўплывалі ніякія фактары, не адбылося няшчаснага выпадку ці нейкага псіхічнага разладу. Таму трактаванне гэтага яшчэ не вельмі зацверджанае.

Фота: holiday.by

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі