Дзмітрый Базылеў, Аляксандр Вахавяк, Дзмітрый Шэршань
Галоўны трэнер зборнай Беларусі па самба Дзмітрый Базылеў падпісаў адкрыты ліст спартсменаў за сумленныя выбары і супраць гвалту з боку сілавікоў — і цяпер больш не галоўны трэнер зборнай Беларусі па самба.
— Цяпер працую трэнерам у РЦАПе. Прамога распараджэння аб звальненні да мяне не даводзілі. Мяне паставілі перад фактам, што мая грамадзянская пазіцыя несумяшчальная з пасадай галоўнага трэнера. Каб пазбегнуць негатыўных наступстваў для каманды і віду спорту ў цэлым, я напісаў заяву на звальненне.
Праблемы пасля ліста спартсменаў пачаліся і ў дзюдаістаў Аляксандра Вахавяка і Дзмітрыя Шэршня.
— На наступны год у спіс мяне не падалі. Гэта значыць, што на маёй спартыўнай кар'еры паставілі крыж, — расказвае Еўрарадыё Аляксандр Вахавяк. — Афіцыйнай фармулёўкі няма — проста не падалі ў спісы на атэстацыю. Мне далі зразумець, што калі б унеслі ў спісы, то былі б праблемы з відам спорту.
Дзмітрый Шэршань сышоў і з нацыянальнай каманды, і са службы ў пагранкамітэце.
— Выбар быў такі: ісці служыць або сыходзіць. Я сышоў. Па паперах я больш не спартсмен. На цяперашні момант у Мінспорту сядзяць людзі, якія не маюць да спорту ніякага дачынення. Вынік для іх не галоўнае, яны там для таго, каб навесці "парадак". Чыя пазіцыя ідзе ўразрэз з дзяржідэалогіяй, тыя становяцца непажаданымі.
— Нездаровая перадвыбарная сітуацыя. Неабгрунтаваныя затрыманні на роўным месцы, неапраўданы гвалт да пратэстоўцаў і затрыманых. І самі выбары, якія ператварыліся незразумела ў што, — тлумачыць Дзмітрый Базылеў. — Сам я галасаваў за Ціханоўскую як за тэхнічнага кандыдата, бо кандыдатаў, за якіх я хацеў прагаласаваць, знялі да выбараў.
Дзмітрый Шэршань катэгарычна не згодны з сцверджаннем "спартсмены па-за палітыкай":
— У першую чаргу я чалавек, грамадзянін. А потым ужо спартсмен.
Такі светапогляд, што мы — спартсмены, дактары, шахцёры — павінны быць па-за палітыкай, прышчапляюць нам з савецкіх часоў. Гэтага не павінна быць. Мы людзі, грамадзяне. Мы павінны вырашаць — што павінна быць, а што не. Гэта наша права, замацаванае ў Канстытуцыі. Улада — гэта народ, а не адзін-два чалавекі. У цяперашні момант фармуецца па-сапраўднаму грамадзянская супольнасць, і гэта галоўнае наша дасягненне.
Дзюдаіст не падае духам.
— Буду трэніравацца, спрабаваць адбірацца з дапамогай фонду спартыўнай салідарнасці і зраблю ўсё магчымае, каб трапіць на Алімпійскія гульні. Меркаванне маё не памянялася, я да канца з усімі намі.
— Нас прыраўнялі да здраднікаў. Гэта яшчэ, напэўна, водгулле савецкіх часоў, маўляў, калі ты не за нас, то ты супраць нас, — працягвае Дзмітрый Базылеў. — Але мы ж не тое каб супраць кагосьці. Мы выклалі ў лісце нашы прычыны, і мы не маглі заставацца ўбаку. Мы ж удзельнічаем у выбарах, мы жывём у адной краіне. Як мы можам гаварыць, што мы па-за палітыкай? Мы што, не з гэтага свету, не беларусы? А хто тады? Мы такія ж, як і ўсе: як рабочыя, як служачыя, як настаўнікі.
Беларускія спартсмены выступаюць пад чырвона-зялёным сцягам. А ці маюць права на жыццё БЧБ-сцяг і герб "Пагоня"?
— Гэта гістарычная сімволіка, я не бачу ў гэтым нічога дрэннага. Яе называюць "фашысцкай" чамусьці... Ведаеце, пад савецкім сцягам, напэўна, больш людзей расстралялі, прычым свае ж, у гады рэпрэсій, без суда і следства. Тут цяжка разважаць, хто і пад якімі сцягамі хадзіў. Але гэта гістарычная сімволіка, — перакананы Дзмітрый Базылеў.
У адных залах у Беларусі сёння займаюцца прыхільнікі розных ідэалогій: побач з прафесійнымі спартсменамі трэніруюцца сілавікі. А потым прыёмы самба могуць адпрацоўваць на тых, хто выйшаў на мірную акцыю пратэсту.
Дзмітрый з цяжкасцю падбірае словы, каб адказаць на пытанне пра жорсткасць, з якой міліцыянеры выконваюць загады:
— Гэта цяжкае пытанне. Яны выконваюць загады. Але калі яны на гэта ідуць, то, значыць, або ў іх у мазгах штосьці выключана, або гэта людзі такія. Або ім далі свабоду дзеянняў, а ў іх была нейкая назапашаная агрэсія? Гэта ўсё неапраўдана жорстка. Калі свае людзі б'юць сваіх жа людзей, гэта падрывае давер да сілавых структур.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.