Прэс-служба Мінабароны пракаментавала гібель салдата ў Барысаве

09/10/2017 - 10:24

"Чуткамі і домысламі" назваў прэс-сакратар Мінабароны Уладзімір Макараў сумневы родных і сяброў у тым, што загінулы ў Пячах салдат Аляксандр Коржыч учыніў суіцыд.

Як распавядала Еўрарадыё, цела 21-гадовага салдата нібыта знайшлі 3 кастрычніка павешаным у вайсковай частцы ў Пячах пад Барысавым, дзе ён праходзіў тэрміновую службу. Сябры і сваякі салдата сумняюцца, што ў гэтым выпадку гаворка можа ісці пра самагубства. 

Уладзімір Макараў у каментары Радыё "Свабода" заявіў пра самагубства хлопца: "Праводзяцца следчыя дзеяньні ўпаўнаважанымі на тое следчымі органамі. І ніякіх каментароў па азначэнні да завяршэння расследавання не будзе. Усё астатняе — чуткі і домыслы. Справай займаецца Следчы камітэт. Гэта першы выпадак самагубства ў Пячах сёлета. Яшчэ раз паўтаруся: усё астатняе — чуткі і домыслы. У нашых інтарэсах дасканала высветліць і вывучыць усе фактары, звязаныя з негатыўнай з'явай, і няма ніякіх сумневаў, што адпаведнымі кампетэнтнымі органамі гэта будзе зроблена аб’ектыўна і сумленна".

Журналісты нагадалі, што паўгода таму ў Барысаве ў вайсковай часці №25849 знайшлі мёртвым 25-гадовага Арцёма Басцюка, які скардзіўся бацькам на дзедаўшчыну. На гэта палкоўнік Макараў адказаў, што гэтае самагубства адбалося ў іншай вайсковай часці, але следства па гэтым выпадку не скончанае, таму таксама не будзе ніякіх каментароў.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі