Праваабаронцы прызналі Таццяну Ласіцу палітзняволенай

29/01/2021 - 16:41

Праваабарончыя арганізацыі прызналі палітзняволенай валанцёрку праваабарончага цэнтра "Вясна" (зачыненага ўладамі) Таццяну Ласіцу.

Яе затрымалі 21 студзеня ў Нацыянальным аэрапорце Мінск. Цяпер Ласіца — падазраваная па крымінальнай справе па ч. 1 і ч. 2 арт. 342 КК (Арганізацыя ці актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак). Яе ўзялі пад варту да выстаўлення абвінавачвання і змясцілі ў СІЗА Гомеля.

За некалькі дзён да таго, 18 студзеня, былі затрыманыя гомельскія праваабаронцы Леанід Судаленка і Марыя Тарасенка. Праз трое сутак Тарасенку вызвалілі, а Судаленку выставілі абвінавачанне па тым жа артыкуле, што і Ласіцы. 

Хутчэй за ўсё, гаворка ідзе пра тое, што праваабаронцы дапамагалі аплочваць штрафы людзям, пакараным за ўдзел у вулічных акцыях. Беларускія ўлады лічаць гэта фінансаваннем пратэснай дзейнасці.

Праваабаронцы лічаць пераслед Таццяны Ласіцы з боку ўладаў палітычна матываваным, скіраваным на спыненне яе публічнай і негвалтоўнай дзейнасці, накіраванай на абарону правоў чалавека і асноўных свабод, а яе саму палітычнай зняволенай.

Яны патрабуюць неадклана вызваліць Таццяну Ласіцу з-пад варты і спыніць яе крымінальны пераслед. Таксама яны патрабуюць спыніць пераслед усіх праваабаронцаў Беларусі, неадкладна вызваліць палітвязняў і спыніць палітычныя рэпрэсіі.

Заяву падпісалі праваабарончы цэнтр "Вясна", РГА "Прававая ініцыятыва”, Беларускі дакументацыйны цэнтр, цэнтр прававой трансфармацыі Lawtrend, простае таварыства "Ініцыятыва FORB", кансультацыйны цэнтр па актуальных міжнародных практыках і іх імплементацыі ў праве “Х'юман Канстанта”, Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава, РПГА "Беларускі Хельсінкскі камітэт".

На сёння ў Беларусі налічваецца 220 палітычных зняволеных.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі