Праваабаронцы прызналі палітвязнямі яшчэ восем чалавек

15/10/2021 - 17:39

Праваабаронцы прызналі палітвязнямі яшчэ восем чалавек. Гэта Міхаіл Чамурака, Уладзімір Сушко, Аляксандр Літвішчанка, Аляксандр Жыхарэвіч, Аляксандр Курганскі, Аксана Каспяровіч, Артур Жвірыдоўскі і Ігар Бузук.

Як адзначае праваабарончы сайт "Вясна", гэтыя людзі былі пазбаўленыя волі за абразу Лукашэнкі, прадстаўнікоў улады (супрацоўнікаў міліцыі), суддзяў і знявагу дзяржаўных сімвалаў.

Праваабаронцы патрабуюць неадкладна вызваліць згаданых палітвязняў і спыніць іх крымінальны пераслед. Таксама яны заклікаюць дэкрыміналізаваць дыфамацыйныя правапарушэнні і прыбраць з Крымінальнага кодэкса артыкулы, якія прадугледжваюць адказнасць за абразу дзяржавы, дзяржаўных сімвалаў і службовых асобаў, а таксама спыніць усе раней пачатыя па гэтых артыкулах крымінальныя справы.

Акрамя таго праваабаронцы патрабуюць неадкладна вызваліць усіх палітвязняў і спыніць палітычныя рэпрэсіі супраць грамадзян краіны.

Пад заявай падпісаліся праваабарончы цэнтр "Вясна", Lawtrend, Беларускі ПЭН-цэнтр, "Прававая ініцыятыва", Беларускі дом правоў чалавека імя Б. Звозскава, Беларуская асацыяцыя журналістаў, Human Constanta.

На сёння ў Беларусі 812 палітвязняў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі