Праваабаронцы прызналі палітвязнямі яшчэ двух чалавек

21/05/2021 - 19:06

Праваабаронцы прызналі палітвязнямі яшчэ двух чалавек. Цяпер іх колькасць павялічылася да 406.

Як піша праваабарончы сайт "Вясна", суд Брэсцкага раёну асудзіў Яраслава Бурака на 3 месяцы арышту, а Дзмітрыя Харса — на 1 месяц арышту. Іх судзілі за надпісы "3%", “Уходи”, “Жыве Беларусь!” на пастаменце помніка Леніну ў пасёлку Дамачава (Брэсцкі раён).

Як распавядала Еўрарадыё, Яраслаў Бурак — вайсковец, ён адбывае пакаранне на гаўптвахце ў Мінску, і гэтыя месяцы за кратамі не пойдуць у тэрмін службы.

Праваабаронцы падкрэсліваюць, што гэтыя надпісы не з’яўляюцца праявай хуліганства.

"Змест надпісаў, месца, дзе яны былі зроблены — пастамент помніка Леніну (дзеяча, чыя роля ў гісторыі неадназначная і выклікае справядлівыя нараканні), які не ўяўляў гістарычнай ці культурнай каштоўнасці і які не з'яўляецца сакральным і шанаваным, у кантэксце грамадска-палітычных падзеяў і публічных грамадскіх дыскусій, палітычных пратэстаў, якія адбываюцца ў краіне з лета 2020 года, сведчаць аб тым, што матывам іх нанясення было выказванне меркавання на грамадска значныя тэмы", — заяўляюць праваабаронцы.

Яны кажуць, што ў надпісах няма нецэнзурнай лексікі альбо мовы варожасці і нянавісці па прыкметах нацыянальнай, расавай, рэлігійнай прыналежнасці ці сацыяльнага паходжання і іншых прыкметах. "Матэрыяльная шкода ад такога ўчынку відавочна насіла сімвалічны характар", — канстатуюць яны.

Праваабаронцы патрабуюць неадкладна вызваліць з-пад варты Яраслава Бурака і Дзмітрыя Харса і спыніць іх крымінальны пераслед. Таксама яны заклікаюць неадкладна вызваліуць усіх палітвязняў і спыніуць палітычныя рэпрэсіі ў краіне.

Пад заявай падпісаліся праваабарончы цэнтр “Вясна” (зачынены ўладамі), "Ініцыятыва FORB", Беларускі ПЭН-цэнтр, РГА "Прававая ініцыятыва”, цэнтр прававой трансфармацыі Lawtrend, РПГА "Беларускі Хельсінкскі камітэт", Беларуская асацыяцыя журналістаў, кансультацыйны цэнтр па актуальных міжнародных практыках і іх імплементацыі ў праве "Х'юман канстанта".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі