Аляксандр Лукашэнка расказаў у парламенце Беларусі сваю версію "пасадкі" лайнера Ryanair у Мінску
26 траўня Аляксандр Лукашэнка расказаў у парламенце Беларусі сваю версію пасадкі лайнера Ryanair у Мінску. Прагучала некалькі дзіўных пасажаў, нестыковак і разыходжанняў з тым, што праўладныя беларускія СМІ паведамлялі раней. Разбіраемся, адкуль яны ўзяліся і што мог мець на ўвазе Лукашэнка.
Сёння Лукашэнка нібы здымае з сябе адказнасць за сітуацыю. Пра распараджэнне пасадзіць самалёт ён гаворыць ва ўмоўным ладзе:
"Была бомба ці не, але, калі б мне далажылі аб тым, што ў самалёце тэрарыст, я б неадкладна аддаў загад пасадзіць самалёт", — цытуе яго адзін з праўладных тг-каналаў.
А вось што неўзабаве пасля пасадкі "боінга" ў Мінску пісаў тг-канал "Пул Первого", звязаны з прэс-службай Лукашэнкі:
"Тут жа аб сітуацыі было даложана прэзідэнту. Лукашэнка даў безагаворачную каманду: самалёт разварочваць і прымаць".
Дык было даложана або не? Даў каманду ці аддаў бы? Выглядае на тое, прэс-служба Лукашэнкі, спяшаючыся прыпісаць яму лаўры "збаўцы Еўропы", дазволіла сабе сказаць лішняга.
"У выпадку з рэйсам Афіны — Вільнюс сігнал пра мініраванне самалёта быў атрыманы з-за мяжы — са Швейцарыі. Прытым паведамленне паступіла ў аэрапорты Афін, Вільні і Мінска адначасова", — кажа Лукашэнка 26 траўня.
Адразу дзве заўвагі. Калі верыць Дэпартаменту па авіяцыі, ліст пра бомбу прыйшоў з паштовай скрыні, зарэгістраванай на protonmail.com. Гэта сэрвіс абароненай электроннай пошты, чые серверы і штаб-кватэра знаходзяцца ў Швейцарыі. Усе лісты, адпраўленыя праз гэту паштовую службу, будуць мець "швейцарскі след", але ці можна пры такім раскладзе сцвярджаць, што лжэмінёр знаходзіўся менавіта ў Швейцарыі? Вядома, не.
І другое. Чаму Лукашэнка так упэўнена кажа, што паведамленне адначасова паступіла ў тры аэрапорты? Афіцыйна ні Афіны, ні Вільня не заяўлялі, што атрымлівалі лісты ад ХАМАС. Дыспетчары з гэтых краін не спрабавалі зрабіць нейкія захады.
А хто можа дакладна ведаць, куды былі адпраўленыя паведамленні?
"У раёне палётаў размешчана БелАЭС. Паблізу яе і адбыўся разварот гэтага самалёта. Рэч не толькі і не столькі ў гэтым знішчальніку, які быў узняты абсалютна па ўсіх правілах", — кажа Лукашэнка. І дадае, што па яго распараджэнні сістэмы абароны атамнай станцыі, у тым ліку проціпаветраная абарона, былі пераведзеныя ў рэжым поўнай баявой гатоўнасці.
Тут незразумела наогул усё. Па-першае, калі ты клапоцішся пра бяспеку людзей — навошта разварочваць самалёт, на борце якога, як мяркуецца, знаходзіцца бомба, побач з атамнай электрастанцыяй? Ад месца, дзе борт Ryanair пачаў разварот у бок Мінска, да БелАЭС было каля 110 км.
Па-другое, МіГ-29, паводле версіі беларускіх вайскоўцаў, быў узняты ў паветра нашмат пазней, калі лайнер ужо знаходзіўся за Мінскам. А раз так, то самалёт да абароны Беларускай АЭС не меў ніякага дачынення і быў узняты ў паветра выходзячы з іншых меркаванняў.
Лукашэнка: "У экіпажа быў час, каб прыняць рашэнне. Ён раіўся з гаспадарамі самалёта і аэрапортам у Вільні, але прыняў рашэнне прызямліцца ў Мінску. Манеўр з разваротам выглядае нелагічна, да Вільні было 70 км, але пытанне: чаму іншыя аэрапорты не прынялі самалёт?"
Згодна з расшыфроўкай перамоў з экіпажам самалёта Ryanair, мінскі дыспетчар неаднаразова "рэкамендаваў" прызямліцца менавіта ў сталіцы Беларусі, пры гэтым даючы блытаныя тлумачэнні пра тое, хто атрымаў лісты пра бомбу: то служба бяспекі, то спецслужбы, то адразу тры аэрапорты.
Ні Афіны, ні Вільня не пацвярджаюць, што адмовілі борту Ryanair у пасадцы.
Лукашэнка сцвярджае, што на Захадзе адмовіліся ад расследавання сітуацыі з пасадкай "боінга" Ryanair у Мінску. Тым часам генпракуратуры Літвы і Польшчы ўжо цяпер праводзяць дасудовае расследаванне па факце захопу лайнера і абыходжання з пасажырамі, забароненага міжнародным правам.
Савет НАТА падтрымлівае прызыў правесці незалежнае міжнароднае расследаванне інцыдэнту, у тым ліку расследаванне ў рамках Міжнароднай арганізацыі грамадзянскай авіяцыі (ICAO). Тая заявіла, што чакае больш інфармацыі пра тое, што адбылося.
"Мы апынуліся на перадавой новай не халоднай, ужо ледзяной вайны", — кажа Лукашэнка. "Ледзяную вайну" ён згадвае не першы раз.
А першы быў яшчэ ў 2018 годзе. Выглядае на тое, што Лукашэнка пазычыў гэты выраз у кіраўніка МЗС Сербіі Івіца Дачыча, які загаварыў пра "ледзяную вайну" пасля высылкі расійскіх дыпламатаў праз атручванне экс-палкоўніка ГРУ Сяргея Скрыпаля. У Лукашэнкі добрыя стасункі з сербамі — пра гэта можна меркаваць хоць бы па размаху, з якім тыя вядуць будаўніцтва ў Мінску. Так што выкарыстанне "сербскай" метафары — зусім не выпадковасць.
"Хай заходнія абаронцы адкажуць: на якія спецслужбы працавалі двое затрыманых? Хто плаціў падонку, які забіваў людзей у братэрскай Украіне?" — цытуе Лукашэнку праўладны тг-канал.
"Двое затрыманых" — гэта, як відаць, журналіст Раман Пратасевіч і яго сяброўка, грамадзянка Расіі Сафія Сапега. Пратасевіч некалькі гадоў таму сапраўды ездзіў у раён баявых дзеянняў на паўднёвым усходзе Украіны, але не як салдат-найміт, а як журналіст-фрылансер. Ягоны бацька расказаў Еўрарадыё, што Раман людзей не забіваў.
Хочаце дапамагчы незалежнай журналістыцы? Станьце падпісчыкам на Patreon
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут