Пракуратура правярае лекарку, якая пісала пра сітуацыю з COVID-19 у Віцебску

02/04/2020 - 16:32

Пракуратура Віцебскай вобласці зацікавілася лекарам гарадской клінічнай бальніцы хуткай меддапамогі Наталляй Ларыёнавай. Як паведамляе БЕЛТА, у дачыненні да яе распачалі праверку. Пракуратура вывучае інфармацыю, якую Ларыёнава апошнім часам змяшчала на сваёй старонцы "УКантакце".

Пра што лекарка пісала? Што сітуацыя ў Віцебску "пачала выходзіць з-пад кантролю" і "медыкі хутка не будуць даваць рады наплыву хворых". "Лічбы, тыя, што падаюць у СААЗ [Сусветную арганізацыю аховы здароўя], абсалютна міфічныя", — пісала Наталля Ларыёнава.

Менавіта за гэтыя яе словы пра "міфічныя" лічбы і ўхапіліся супрацоўнікі пракуратуры. Яны ўжо заявілі, што Ларыёнава "не мае доступу да інфармацыі, якая накіроўваецца ў СААЗ" і нават "не ўяўляе, хто і як гэта робіць". "Таксама яна не валодае эпідэміялагічнай сітуацыяй як агулам па Беларусі, так і па паўночным рэгіёне", — заявіла пракуратура Віцебскай вобласці.

2 красавіка Міністэрства аховы здароўя Беларусі паведаміла пра 300 выпадкаў заражэння каранавірусам у нашай краіне, 4 чалавекі памерлі.

Ларыёнава тлумачыла свае пасты "страхам за калег і жыхароў нашай краіны". Яна была перакананая, што ўлады павінны ўвесці каранцін. Намеснік галоўнага доктара віцебскай Бальніцы хуткай меддапамогі Аляксандр Віннікаў напярэдадні гаварыў TUT.BY, што "пазіцыя Наталлі Ларыёнавай — гэта... толькі прыватнае меркаванне гэтай супрацоўніцы". Ён запэўніў, што да яе не будзе прынята ніякіх мер.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі