Прадзюсар забароненага фільма: па НТВ штодня паказваюць больш антыгуманныя рэчы

14/10/2016 - 15:16

У караткаметражцы "Яечня па-беларуску" няма нічога антыгуманнага, упэўнены Віктар Бойка — прадзюсар і, па сумяшчальніцтве, галоўны герой стужкі. З ім не згодная рэспубліканская экспертная камісія пры Мінкульце. На думку экспертаў, "прадстаўленыя [у фільме] адносіны паміж людзьмі наводзяць на думку пра аднамерную антыгуманную жыццёвую пазіцыю". З гэтай фармулёўкай "Яечню па-беларуску" забаронена паказваць на тэрыторыі Беларусі.

"Сюжэт фільма такі: міліцыянт прыходзіць дадому і заспявае жонку разам з палюбоўніцай. Ён выводзіць іх на размову на кухню. І там гіне — але гэта не гвалтоўная смерць, ніякай жорсткасці там няма, — кажа Віктар Бойка. — Што ў тым антыгуманнага? Па НТВ штодня паказваюць нашмат больш антыгуманныя рэчы. А ў нас жа кіно!"

Па словах Віктара Бойкі, міліцыянт з'явіўся ў фільме не наўмысна — проста трэба было неяк патлумачыць, што ў чалавека ў руках з'яўляецца зброя. "А ў каго ў нашай краіне ёсць зброя? У міліцыянтаў!" — тлумачыць прадзюсар.

21 кастрычніка "Яечню па-беларуску" мусілі прэзентаваць гледачам у "Арт-кінатэарты". Праз забарону яе не пакажуць, але журы фэста "Bulbamovie" будзе яе глядзець — з конкурса фільм не зняты. У экспертнай камісіі пры Мінкульце былі прэтэнзіі яшчэ да трох фільмаў. Але ім проста прысвоілі кваліфікацыю "18+".

Нагадаем, шосты фестываль новага беларускага кіно "Bulbamovie" пройдзе з 21 па 23 кастрычніка. У конкурсе 24 стужкі: 12 мастацкіх, 5 дакументальных і 7 анімацыйных.

14 кастрычніка Віктар Бойка быў госцем у студыі Еўрарадыё. Размова ішла пра "Яечню па-беларуску", фэст "Bulbamovie" і новую генерацыю беларускіх рэжысёраў, якія здымаюць пра тое, да чаго ляжыць душа:

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі