Польскія лекары дасталі з беларуса кулю, якой у яго стралялі ў 2020 годзе

04/10/2024 - 07:42

Ягор Яўстратаў / MOST

Польскія дактары дасталі з рукі беларускага экс-палітвязня асколак шроту, які быў там з 2020 года, піша MOST.

Ягор Яўстратаў падчас пратэстаў у 2020 годзе быў у групе, якая сапсавала машыну супрацоўніка МУС. Ён быў у закрытым чаце, удзельнгікі якога запенілі і размалявалі фарбай машыну міліцыянта. Выявілася, што гэта была правакацыя, і мужчын чакала засада сілавікоў.

Пры затрыманні Ягора паранілі шротам з помпавай стрэльбы. Пазней ён выявіў на целе каля 18 раненняў.

Яўстратаву прысудзілі тры гады і два месяцы пазбаўлення волі. Пасля адбытага тэрміну мужчына ўцёк у Літву, пераплыўшы памежную раку. Там ён папрасіў міжнародную абарону. Літва перадала яго Польшчы ў адпаведнасці з Дублінскім пагадненнем — у беларуса была польская віза.

Сёлета ў канцы жніўня Яўстратаў звярнуўся да доктара ў Беластоку: на параненай пры затрыманні руцэ глыбока пад скурай утварыўся грудок. Хірург абследаваў і прыйшоў да высновы, што там затрымаўся асколак і спатрэбіцца аперацыя.

"Я не верыў і казаў, што гэта малаверагодна. У 2020 годзе пасля затрымання мяне адвезлі ў бальніцу, там апрацавалі раны і зашылі. Я не мог падумаць, што ў мяне застануцца нейкія асколкі. Але ўсё ж наважыўся на аперацыю. І сапраўды, лекар знайшоў у мяне асколак у выглядзе гумовага шарыка, які не знайшлі ў Беларусі", — распавядае мужчына.

Мяркуюць, што ў Беларусі гэты асколак не выявілі, бо тады рука моцна распухла.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі