Польшча падоўжыла рэжым надзвычайнага становішча на мяжы з Беларуссю

01/10/2021 - 06:19
За два месяцы было зафіксавана больш за 10 тысяч спроб нелегальнага перасячэння беларуска-польскай мяжы / Reuters

Сейм Польшчы зацвердзіў рашэнне ўрада аб падаўжэнні надзвычайнага становішча на мяжы з Беларуссю, паведамляе ТАСС. Раней свой подпіс на дакуменце паставіў прэзідэнт краіны Анджэй Дуда.

За падаўжэнне рэжыму яшчэ на 60 дзён прагаласавалі 237 дэпутатаў, супраць былі 179, устрымаўся 31. НС ўвялі з-за складанай сітуацыі з мігрантамі. За два месяцы польскія памежнікі зафіксавалі больш за 10 тысяч спробаў нелегальнага перасячэння мяжы. Парадку 1,2 тысячы мігрантаў былі затрыманыя. Яны знаходзяцца ў цэнтрах для ўцекачоў у Польшчы.

Надзвычайнае становішча дзейнічае ў памежнай зоне шырынёй 3 кіламетры і распаўсюджваецца на 115 населеных пунктаў у Падляскім ваяводстве і 68 — у Люблінскім. На гэтай тэрыторыі забаронена праводзіць масавыя і забаўляльныя мерапрыемстваў. Паліцыя дзяжурыць ва ўзмоцненым рэжыме. Акрамя таго, тут забаронена знаходзіцца асобам, якія тут не жывуць, не працуюць ці не вучацца.

З вялікім патокам мігрантаў у гэтым годзе сутыкнуліся і іншыя суседзі Беларусі, якія з'яўляюцца членамі ЕС — Літва і Латвія. У Еўрасаюзе мяркуюць, што да таго, што адбываецца на мяжы, датычныя беларускія ўлады. Цяпер рыхтуецца адказ на гэтыя дзеянні афіцыйнага Мінска — пяты пакет санкцый.

Напярэдадні Парламенцкая асамблея Рады Еўропы прыняла рэзалюцыю, дзе дзеянні беларускіх уладаў назвалі "гібрыднай атакай" і асудзілі "любое выкарыстанне мігрантаў, уцекачоў і просьбітаў прытулку ў палітычных мэтах".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі