ЕС / google.com
Прэзідэнты Польшчы, Літвы і Румыніі прапануюць Еўрапейскаму саюзу прыняць пакет мер дапамогі Беларусі, які ўключае бязвізавы ўезд у ЕС для грамадзян нашай краіны. На думку лідараў гэтых краін, так Еўрасаюз павінен падтрымаць дэмакратычныя і эканамічныя ператварэнні ў Беларусі.
Наколькі "бязвіз" з Еўрасаюзам рэальны ў цяперашніх умовах і якія фармальнасці могуць яму перашкодзіць? Еўрарадыё запыталася ў экспертаў.
Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Андрэй Савіных заявіў у каментарыі Еўрарадыё, што "гэтая ініцыятыва трох краін ЕС пакуль не зусім зразумелая". Аднак "калі такая ініцыятыва рэалізуецца, то мы будзем гэта толькі вітаць", — сказаў ён.
— Мы заўсёды выступалі з беларускага боку за больш цесныя кантакты з ЕС на ўзроўні людзей, за спрашчэнне ўсіх візавых правілаў уезду і выезду. Я хацеў бы звярнуць увагу, што Беларусь ужо даўно ўвяла бязвізавы ўезд для жыхароў Еўрасаюза, якія прыбываюць праз Нацыянальны аэрапорт "Мінск".
У міжнароднай дыпламатыі дзейнічае прынцып узаемнасці: ты — мне, я — табе. Тое, што ў Беларусі ўжо дзейнічае бязвізавы рэжым з многімі краінамі (уключаючы краіны Еўрасаюза), ЕС можа разглядаць як першы крок, адказам на якім можа стаць еўрапейскі "бязвіз".
Калі меркаваць па такіх паказчыках, як колькасць выдадзеных шэнгенскіх віз, адмовы ў іх выдачы, дэпартацыі, то Беларусь не выглядае праблемнай для ЕС. Так лічыць кіраўнік Савета па міжнародных адносінах "Мінскі дыялог" Яўген Прэйгерман. Зрэшты, вялікага аптымізму эксперт не адчувае:
— Трэба паглядзець, ува што матэрыялізуецца гэтая ідэя падчас дыскусій з кіраўнікамі ўрадаў ЕС. Прапанова ўвесці бязвізавы рэжым для беларусаў — гэта нешта новае. Але ўлічваючы тое, што ў перыяд пацяплення адносін у апошнія 5-6 гадоў не ўдалося выйсці нават на больш сціплыя дамоўленасці, малаверагодна, што ўсё ж такі будзе прынята такое аднабаковае палітычнае рашэнне.
Увядзенне бязвізавага рэжыму, на думку эксперта, можа ўскладніць адсутнасць у беларусаў біяметрычных пашпартоў. А таксама еўрапейская бюракратыя.
— ЕС — гэта вялікі механізм з 27 краін, і ў кожнай ёсць свае думкі. Калі беларусам дадуць бязвізавы ўезд, то іншыя краіны, якія для некаторых чальцоў ЕС важныя, могуць таксама пачаць нешта патрабаваць. Калі ў ЕС гавораць пра Беларусь, маецца на ўвазе не толькі беларускі "парадак дня", але і наступствы, якія рашэнне аб бязвізавым ўездзе выкліча для ЕС і адносін з іншымі краінамі, — дадае Прэйгерман.
Раней аб увядзенні бязвізавага рэжыму з Беларуссю гаварылі таксама прадстаўнікі Вышаградскай групы — Венгрыя, Польшча, Чэхія і Славакія. Падчас сустрэчы ў Любліне польскі прэм'ер-міністр Матэуш Маравецкі сказаў, што пакет падтрымкі беларускага народа будзе прадстаўлены на будучым пазачарговым саміце ЕС.
Акрамя бязвізавага рэжыму, пакет мер дапамогі Беларусі ўключае спрыянне ўступлення ў СГА, пашырэнне гандлю з ЕС, дыверсіфікацыю энергетычнага сектара Беларусі для энергетычнай бяспекі дзяржавы і прыцягненне міжнародных фінансавых інстытутаў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.