Подпісы за адстаўку міністра абароны накіраваныя ў АП, Саўмін, МА і ў парламент

18/10/2017 - 14:09

Скончаны збор подпісаў пад петыцыяй за спыненне свавольства ў войску і адстаўку міністра абароны Андрэя Раўкова на сайце Zvarot.by. Патрабаванні, вылучаныя ў дакуменце, падтрымалі 9614 чалавек.

"Адсеялі 500 не да канца запоўненых і "фэйкавых" анкеты, і яшчэ столькі ж дубляў. На Petitions.by збор працягваецца яшчэ чатыры дні", — распавядае Еўрарадыё адзін з аўтараў дакумента, грамадскі актывіст і праваабаронца Андрэй Стрыжак

Петыцыя накіраваная ў Адміністрацыю прэзідэнта, Савет міністраў, Міністэрства абароны і Палату прадстаўнікоў. "Па законе, ва ўсіх згаданых вышэй суб'ектаў ёсць 30 дзён на тое, каб даць нам адказ на наш зварот", — дадае Стрыжак.

 

Петыцыя была складзеная пасля таго, як стала вядома пра жахлівыя абставіны гібелі салдата тэрміновай службы Аляксандра Коржыча ў ваеннай часці ў Печах. Ногі 21-гадовага радавога былі звязаныя, на галаву нацягнутая майка.

Следчы камітэт пацвердзіў амаль усё, што Коржыч распавядаў сваякам і сябрам пра дзедаўшчыну ў сваёй часці: у яго адабралі банкаўскую карту, за карыстанне тэлефонам прымушалі плаціць. Сержанты рэгулярна атрымлівалі "даніну" цыгарэтамі і прадуктамі харчавання, а кіраўнікі роты, дзе служыў Саша, ведалі пра гэта ўсё, але глядзелі скрозь пальцы.

 

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі