Першы намеснік старшыні Ушацкага райвыканкама скраў з фермы бычка

03/10/2018 - 14:53

Першы намеснік старшыні Ушацкага райвыканкама падазраецца ў выкраданні з фермы бычка. Гэта выкрыла праверка Наваполацкага міжраённага аддзела ўпраўлення Дэпартамента фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржкантроля па Віцебскай вобласці. Яна праходзіла ў жніўні-верасні. Высветлілася, што чыноўнік распрацаваў план вывазу жывёлы з сельгаспрадпрыемства ў сваю фермерскую гаспадарку. Ён перадаваў службовым асобам прадпрыемства вакцыну для ўсыплення бычка.

Прэс-служба Камітэта дзяржаўнага кантроля адзначае, што да здзяйснення злачынства першы намеснік старшыні райвыканкама прыцягнуў чатырох работнікаў сельгаспрадпрыемства. Сярод іх — загадчыца фермы, якая падабрала бычка і кантралявала яго перавозку, кіроўца аўтамабіля, ветэрынарны лекар, якая ўсыпляла жывёлу (кошт бычка складае больш за 1 тысячу рублёў). У адносінах гэтых людзей распачалі крымінальную справу, артыкул — "крадзеж, шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі". У адносінах чыноўніка райвыканкама справу распачалі па артыкуле "Перавышэнне ўлады ці службовых паўнамоцтваў". Яму пагражае пазбаўленне волі на тэрмін ад 3 да 10 гадоў. Дарэчы, першы намеснік старшыні райвыканкама звольнены з працы, ён знаходзіцца пад вартай.

Адзначаецца, што ўсе фігуранты справы сваю віну прызналі і цалкам кампенсавалі страты, нанесеныя сельгаспрадпрыемству. Падчас праверкі высветлілася, што знікла 70 галоў буйной рагатай жывёлы. Праводзіцца расследаванне.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі