Паўночная Карэя будуе сцяну ўздоўж мяжы з Паўднёвай Карэяй

21/06/2024 - 18:55

КНДР збіраецца з яе дапамогай выяўляць перабежчыкаў (ілюстрацыйнае фота) / pixabay.com

Паўночная Карэя будуе сцяну ўздоўж мяжы з Паўднёвай Карэяй. Пра гэта сведчаць здымкі, зробленыя са спадарожніка. Участкі сцяны заўважныя ў некалькіх месцах каля мяжы, паведамляе "Бі-Бі-Сі".

З 1953 года паміж краінамі існуе буферная зона даўжынёй 240 км і шырынёй 4 км. На ўсім сваім працягу яна падзелена на дзве часткі, кожная з якіх кантралюецца адной з дзяржаў. Паколькі КНДР падчас будаўніцтва сцяны расчысціла ўчасткі зямлі ўнутры дэмілітарызаванай зоны (напрыклад, для пабудовы дарогі), гэта можа быць парушэннем умоў колішняга пагаднення.

Калі пачалося будаўніцтва сцяны, невядома. У лістападзе 2023 года працы яшчэ не вяліся (альбо яны не былі бачныя са спадарожніка).

Вышыня сцяны складае 2-3 метры. Эксперты адзначаюць, што гэта не проста перашкода, сцяна прызначана для падзелу тэрыторыі. Сярод мэтаў праекта называюць стварэнне на сцяне назіральных пунктаў для выяўлення перабежчыкаў, якія спрабуюць перасекчы мяжу з Паўднёвай Карэяй.

bbc.com

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі