Вайна ў Іране / Abedin Taherkenareh / EPA
Амбасада Беларусі ў Тэгеране рэкамендавала грамадзянам, якія знаходзяцца ў Іране, самастойна пакінуць краіну на фоне працяглых ваенных дзеянняў.
У амбасадзе заклікалі беларусаў захоўваць спакой, быць асцярожнымі і пазбягаць месцаў масавага скопішча людзей. Таксама дыпламаты раяць не набліжацца да ваенных і дзяржаўных аб’ектаў, не фатаграфаваць і не здымаць іх на відэа, а пры неабходнасці хавацца ў сховішчах або на ніжніх узроўнях падземных паркінгаў.
Праз закрытую паветраную прастору вылет з краіны цяпер немагчымы. У сувязі з гэтым грамадзянам Беларусі настойліва рэкамендуюць скарыстацца даступнымі наземнымі маршрутамі і самастойна выехаць з Ірана ў Арменію або Азербайджан.
У дыпмісіі адзначылі, што найбольш зручны маршрут праходзіць праз пункт пропуску "Нурдуз — Агарак" на мяжы з Арменіяй. Для выезду праз Азербайджан неабходна загадзя атрымаць індывідуальны дазвол.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут