Партал для вернікаў апублікаваў спіс хрысціянскіх каштоўнасцяў для МУС

25/05/2018 - 11:45

Хрысціянскі партал krynica.info адрэагаваў на скандальную заяву МУС, скіраваную супраць гомасэксуалаў. 

"Абараняць хрысціянскія каштоўнасці вельмі пахвальна, але ж не сэксам адзіным яны абмяжоўваюцца. Тым больш, што традыцыйныя хрысціянскія сямейныя каштоўнасці не прадугледжваюць таксама разводаў, абортаў, пазашлюбных адносінаў і шмат чаго іншага, легалізаванага ў Беларусі і дэманструемага з самага верху беларускай вертыкалі", — пішуць аўтары каментара. 

Яны нагадваюць, што справа міліцыі — абараняць літару і дух закону, а не абараняць каштоўнасці. Але паколькі міліцыя ўзяла на сябе такую ролю, то ёй прапанавалі дадатковы спіс хрысціянскіх каштоўнасцяў. Спіс складзены на аснове дзесяці біблейскіх запаветаў. 

Вось урыўкі з гэтага спісу: 

"Не май іншых багоў, апроч Мяне. Як у Беларусі сітуацыя з помнікамі “дзядулі” Леніну? Наколькі шмат ідалаў таму, хто памёр, але жывей за ўсіх жывых, па-ранейшаму стаяць у Беларусі? Ці не пара знайсці ім адпаведнае месца?

Не ўжывай імя Пана Бога дарэмна. Як часта прадстаўнікі міністэрства, іншыя дзяржаўныя служачыя, у тым ліку і прэзідэнт, парушаюць прысягу? У тым ліку дадзеную на Канстытуцыі? Ці, можа, пара пакласці канец клятвапарушэнням?

...

Не крадзі і не пажадай нічога, што належыць бліжняму твайму. На якім месцы Беларусь у свеце па ўзроўні карупцыі? А як быць са скрадзенымі выбарамі, якія, па сведчаннях шматлікіх назіральнікаў, фальсіфікуюцца ў Беларусі з году ў год? А як быць са скрадзенай свабодай на аб’яднанні і мірныя сходы, якая нават у Канстытуцыі запісаная, а на справе — чарговы пшык?

Не сведчы фальшыва супраць бліжняга твайго. Прабачце, але, калі меркаваць па сведчаннях шматлікіх палітычных актывістаў, унутраныя органы – гэта проста рассаднік ілжэсведчання. Аднарукія, якія пляскалі ў далоні. Міліцыянеры, якія чулі за некалькі кіламетраў, як нібыта брыдкасловілі затрыманыя. Людзі, якія нібыта былі на мітынгу, хоць у гэты час былі за мяжой. І гэта толькі самае знакамітае. А на падставе гэтага адпаведныя рашэнні прымаюць і суды" (поўны спіс можна пабачыць па спасылцы). 

Напрыканцы звароту міліцыі прапануюць заняцца абаронай гэтых хрысціянскіх каштоўнасцяў. 

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі