Памёр вядомы артыст Расціслаў Янкоўскі

26/06/2016 - 13:35

26 чэрвеня памёр Народны артыст СССР Расціслаў Янкоўскі. Пра гэта паведамляецца на сайце Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Максіма Горкага, артыстам якога быў Янкоўскі.

"Вялікі акцёр заўсёды будзе жыць у ролях, бліскуча сыграных ім, а добры і шчыры, адкрыты і светлы, унікальны, мужны чалавек — назаўжды застанецца ў сэрцах родных і сяброў, у памяці мільёнаў людзей, для якіх ён быў, ёсць і будзе кумірам", — гаворыцца ў паведамлені адміністрацыі тэатра.

Развітанне з артыстам пройдзе 28 чэрвеня ў 10.00 на Вялікай сцэне тэатра.

Расціслаў Янкоўскі нарадзіўся 5 лютага 1930 года ў Адэсе. У 1951 годзе ён скончыў Тэатральную студыю пры Ленінабадскім драматычным тэатры. У Мінск ён пераехаў у 1957 годзе і з чэрвеня таго ж года пачаў працаваць у Рускім тэатры.

За сваю акторскую кар'еру Янкоўскі сыграў больш за 160 вядучых роляў у тэатры і больш за 50 — у кіно. Адна з яго апошніх значных роляў — галоўны персанаж у спектаклі "Пане Каханку" паводле п'есы Андрэя Курэйчыка.

У 1978 годзе ён быў узнагароджаны званнем Народнага артыста СССР. Акрамя таго Янкоўскі быў таксама заслужаным артыстам Беларускай ССР і Народным артыстам Беларускай ССР. Ён быў адзначаны шматлікімі дзяржаўнымі ўзнагародамі, сярод іх Ордэн Францішка Скарыны і Ордэн Айчыны III і II ступеняў.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі