Памежнікі РБ актывізавалі інфармацыйна-псіхалагічныя аперацыі на мяжы з Украінай

28/06/2023 - 12:38
Беларускі нацыянальны і ўкраінскі сцягі на мяжы з РБ. Зіма 2023-га / Скрыншот з відэа

Беларускія памежнікі актывізавалі "інфармацыйна-псіхалагічныя аперацыі" на мяжы з Украінай. Пра гэта Радыё Свабода паведаміў спікер Дзяржаўнай памежнай службы Украіны Андрэй Дземчанка.

"За апошні час мы пачалі больш фіксаваць гэтых відэазваротаў, іх пачаў уключаць беларускі бок, — кажа Дземчанка. — Спачатку згадвалі кулінарныя стравы, потым асобныя прадукты харчавання, потым перайшлі да палітычнага складніка. Не выключана, што гэта пачало рабіцца пасля таго, як памежнае ведамства Беларусі ачоліў Канстанцін Моластаў".

Канстанцін Моластаў — ураджэнец Расіі, выпускнік Памежнай акадэміі ФСБ РФ. Быў начальнікам Гродзенскай памежнай групы. Ён змяніў старшыню Дзяржаўнага памежнага камітэта Анатоля Лапо ў траўні 2023-га. 27 чэрвеня Аляксандр Лукашэнка ўручыў Моластаву пагоны генерал-маёра.

Спікер Дзяржаўнай памежнай службы Украіны згадаў навучанне ў ФСБ беларускага генерала: "Не выключана, што Расія працягвае навязваць сваіх кандыдатаў на розныя дзяржаўныя высокія пасады ў Беларусі, і менавіта з моманту змены кіраўніка павялічылася колькасць інфармацыйна-псіхалагічных аперацый, якія мы фіксуем з таго боку мяжы".

У такой сітуацыі ўкраінцы пачалі адказваць. Гэтыя адказы ствараюць "неабыякавыя грамадзяне". "Некалькі разоў давалі адказ беларускім памежнікам аб тым, што не варта спрабаваць уварвацца на тэрыторыю Украіны і падтрымліваць Расію як краіну-тэрарыстку, бо гэта можа нядобра закончыцца для тых, хто будзе спрабаваць зайсці з тэрыторыі Беларусі са зброяй, — кажа Андрэй Дземчанка. — Мы таксама бачым, што да зваротаў да беларускага народу далучаецца, у тым ліку, і полк імя Каліноўскага, іх звароты таксама ўключалі побач з мяжой, каб той бок мог іх пачуць".

З украінскага боку мяжы не толькі гучаў зварот да беларусаў камандзіра палка Каліноўскага Дзяніса Прохарава ("Кіта"), але і кіраўніцы Аб'яднанага пераходнага кабінета Беларусі Святланы Ціханоўскай. Дземчанка сцвярджае, што беларускія памежнікі даволі часта ўключаюць на сваім баку расійскі гімн.

To see this content visit the full version of this page.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі