Палітолаг: "Замарозка" санкцый не сведчыць пра тое, што ЕС прызнае выбары

17/09/2015 - 15:29

Гучнай навіной дня стала паведамленне, што на наступным тыдні ЕС можа прыпыніць санкцыі супраць беларускіх чыноўнікаў. У тым ліку можа быць знятая забарона на ўезд у краіны Еўрасаюза для Аляксандра Лукашэнкі, паведамляе Reuters.

Пры гэтым санкцыі будуць не адмененыя, а толькі "замарожаныя" на год. Палітолаг Дзяніс Мельянцоў у каментары Еўрарадыё зазначае, што замарожванне санкцый —− гэта адказ на вызваленне беларускіх палітзняволеных.

Мельянцоў: “Апошнія некалькі тыдняў еўрапейская дыпламатыя знаходзіцца ў стане актыўных кансультацый. Зразумела, што трэба нейкім чынам адрэагаваць на вызваленне палітзняволеных, бо гэта было адно з патрабаванняў ЕС і ЗША. І проста так пакінуць выкананне гэтага патрабавання без крокаў насустрач было б няправільна, бо гэта не падтрымлівала б працэс набліжэння”.

Палітолаг мяркуе, што зняць санкцыі проста так таксама нельга, бо яны звязаныя больш з выбарамі, а не з тым, што палітыкі сядзелі ў турмах. Было шмат варыянтаў адказу на гэтае дзеянне — ад частковага зняцця санкцый да спрашчэння візавага рэжыму. У выніку быў знойдзены кансэнсус у выглядзе "замарозкі" санкцый, бо гэта не адмяняе санкцыі, але прыпыняе іх дзейнасць.  Па словах Мельянцова, ЕС такім чынам дасылае сігнал, што Брусэль гнуткі і можа рэагаваць на змены ў Беларусі.

Разам з тым палітолаг упэўнены, што прыпыненне санкцый ніяк не сведчыць пра тое, што выбары прэзідэнта 11 кастрычніка будуць прызнаныя з боку ЕС. 

Гэта ўсё будзе залежаць ад таго, якая карціна будзе падчас выбараў. Хутчэй за ўсё, выбары прызнанымі не будуць. Хутчэй за ўсё, будзе знойдзеная формула, як ў 2008 годзе, калі АБСЕ скажа, што былі нейкія паляпшэнні і можна далей развіваць стасункі.

Дзяніс Мельянцоў

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі