Пад Смаленскам мікрааўтобус трапіў пад фуру, загінулі тры беларусы

31/10/2019 - 08:29

Пад Смаленскам мікрааўтобус Volkswagen трапіў пад фуру DAF, загінулі тры беларусы, адзін пацярпеў. Як паведамляе ў Twitter прэс-служба пасольства Беларусі ў Расіі, трагічнае здарэнне адбылося раніцай 31 кастрычніка на 441-м кіламетры трасы М-1 каля вёскі Бадуны ў Красненскім раёне.

"Пасольства прадпрымае меры па інфармаванні сваякоў загінулых і пацярпелых", — пішуць дыпламаты.

Як інфармуе smolensk-i.ru, мяркуецца, што кіроўца мікрааўтобуса не ўтрымліваў бяспечную дыстанцыю з грузавіком, які ехаў наперадзе. На месцы трагедыі працуюць следчыя і эксперты.

Асобы загінулых ужо высветлены. Гэта мужчыны, якім было 35, 36 і 56 гадоў. Траўмы атрымаў таксама мужчына, яму 33 гады, дадае тэлеканал АНТ.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі