JT International скасавала ліцэнзійнае пагадненне з кампаніяй "Тытунь-Інвест"

30/09/2024 - 14:14

У Беларусі прадаюцца рэшткі цыгарэт вядомых марак, якія яшчэ засталіся на складах / pixabay.com

Адна з найбуйнейшых тытунёвых карпарацый свету, японская JT International, і яе брытанская дачка Gallaher Group скасавалі ліцэнзійныя пагадненні з кампаніяй "Тытунь-Інвест". Па ім шмат гадоў у Беларусі выпускаліся і прадаваліся цыгарэты пад маркамі Winston, Camel, Sobranie і Monte-Carlo. Прычыны такога рашэння не называюцца. Верагодна, спрацавалі амерыканскія санкцыі, піша belmarket.by.

Пагадненне JT International з "Тытунь-Інвест" дзейнічала з 2008 года, з Gallaher Group — з 2013-га. Абодва дакументы страцілі сваю легітымнасць у траўні сёлета. Вядома, што ў канцы 2023 года "Тытунь-Інвест" і яго саўладальнікі Павел Тапузідзіс і Віктар Пятровіч трапілі пад санкцыі Мінфіна ЗША. Амерыканскае ведамства ўстанавіла тэрмін завяршэння здзелак з беларускім вытворцам — да лютага 2024-га.

У Расіі JT International засталася. Апытаныя выданнем эксперты мяркуюць, што брэнды JTI будуць завозіць у РБ з РФ. Магчыма, што будзе падпісана ліцэнзійнае пагадненне з іншым вытворцам. А пакуль у Беларусі прадаюцца рэшткі цыгарэт вядомых марак, якія яшчэ засталіся на складах. І яны пераацэньваліся.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі