Пад Гроднам сёлета збілі ўжо другога зубра (фота)

11/02/2019 - 12:21

Увечары 10 лютага бліз вёскі Стрыеўка пад Гроднам аўтамабіль збіў зубра. Як паведамляе autogrodno.by, каля 22-й гадзіны з жывёлай сутыкнуўся Opel Astra G універсал. Машына пры здарэнні пакамечыла капот і дах.

Паводле сведчанняў відавочцаў, жывёла заставалася жывой яшчэ а 9-й гадзіне раніцы панядзелка. 

"За ноч ён выкачаў вакол сябе цэлую пляцоўку. Верагодна, у яго былі пашкоджаныя ногі і ён не мог падняцца. Толькі да дзясятай раніцы прыехалі егеры, якія спынілі пакуты жывёлы. Затым зубра пагрузілі на пагрузчык", — кажа відавочца Ганна.

Дарэчы, папярэдняя аварыя з удзелам зубра адбылася каля Стрыеўкі сёлета ў студзені. Тады з жывёлай, унесенай у Чырвоную кнігу, сутыкнуліся два аўтамабілі. 

Побач з месцам аварый у СВК "Азёры" з 1999 года разводзяць зуброў. У пагалоўі налічваецца амаль 200 асобінаў. Усе жывёлы знаходзяцца на вольным выпасе. 

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі