Па Мінску ездзіць BMW X5 на “армейскіх” нумарах

04/10/2018 - 09:26

Слухач Еўрарадыё даслаў у рэдакцыю фота аўтамабіля BMW X5 на “армейскіх” нумарах. Нумарны знак машыны заканчваецца на МО-0 — такія маюць службовыя аўто Міністэрства абароны.

BMW X5 — рэальна дарагое аўто, яго кошт (у залежнасці ад камплектацыі) можа дасягаць $75 тысяч.

У якім званні трэба быць, каб ездзіць на такім красоверы, з якога часу і для каго Міністэрства абароны набывае такія аўтамабілі прадстаўнічага класа? Сярод тэндараў, якія праводзіла ведамства, мы знайшлі дакументы на закупку VW Polo ці аналагічных аўто для патрульнай інспекцыі (за дзве машыны — 59 780 рублёў), Geely ці аналагаў (за пяць машын — 95 000 рублёў), а таксама “легкавога аўтамабіля на ўмовах фінансавай арэнды (лізінгу) з правам выкупу” (за 1 машыну — 45 497 рублёў). І ніводнага BMW X5.

Усе згаданыя вышэй тэндары былі прызнаныя неадбыўшыміся. І, напрыклад, па апошнім з іх Міністэрству абароны рэкамендавана правесці закупку з адной крыніцы — то бок, самому выбраць, якое аўто і на якіх умовах узяць у лізінг з правам выкупу.

Еўрарадыё пацікавілася ў Мінабароны, ці сапраўды красовер, заўважаны ў Мінску, належыць да структуры ведамства, і калі так, дык колькі такіх аўтамабіляў, які кошт аднаго такога аўто, і для каго яны закупляліся.

“Дадзены аўтамабільны транспарт належыць аднаму з падраздзяленняў Узброеных Сіл, якое не ўваходзіць у склад Міністэрства абароны, — адказвае на запыт Еўрарадыё начальнік упраўлення інфармацыі ведамства, палкоўнік Уладзімір Макараў. — Набыццё транспартных сродкаў для патрэб Узброеных Сіл ажыццяўляецца ў адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь; колькасць, марка і нумар транспартных сродкаў службовых асоб Міністэрства абароны з’яўляюцца звесткамі абмежаванага доступу”.

Мы б яшчэ неяк пагадзіліся з тым, што колькасць танкаў, якія засталіся на хаду ў беларускім войску, з'яўляецца інфармацыяй абмежаванага доступу. Але чаму засакрэчаныя звесткі пра колькасць і кошты службовых аўтамабіляў, на якіх перасоўваюцца вайскоўцы? 

З адказу можна зрабіць выснову, што на гэтым BMW X5 ездзіць не міністр абароны Андрэй Раўкоў ці нехта з яго непасрэдных падначаленых. Але каму канкрэтна належыць красовер прадстаўнічага класа з “армейскімі” нумарамі, сказаць складана. У склад Міністэрства абароны не ўваходзіць даволі шмат падраздзяленняў: сухапутныя войскі, ваенна-паветраныя сілы і вайска СПА, сілы спецыяльных аперацый і спецыяльныя войскі, часці забеспячэння, вайсковыя ВНУ.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі