Оскараўскі камітэт паглядзіць “Сабаку Рыжага” для галачкі

26/09/2018 - 18:27

27 верасня Оскараўскі камітэт мае паглядзець фільм “Сабака Рыжы”, каманда якога хоча вылучыць яго на “Оскар” ад Беларусі. Што праўда, старшыня камітэта Ігар Поршнеў кажа, што фільм пра сабак-камікадзэ не адпавядае патрабаванням, па якіх адбываецца вылучэнне на кінапрэмію. Так што Оскараўскі камітэт для парадку паглядзіць “Сабаку Рыжага”. Але спадзявацца аўтарам фільма няма на што:

“Камітэт збярэцца і прыме рашэнне, які з двух фільмаў будзе вылучаны. Але “Сабака Рыжы” ужо не адпавядае рэгламенту тым, што выпушчаны ў 2016 годзе. Да таго ж, у фільма не было пракату ў Беларусі, што неабходна. Разумееце, каб не было нараканняў, што мы ў вузкім коле вырашылі, што едзе “Крышталь”, і ўсё, будзе прагледжаны фільм [“Сабака Рыжы”], будзе выслуханае меркаванне кожнага сябра камітэта. І шляхам галасавання вырашана, які фільм будзе вылучаны ад Беларусі”.

Дагэтуль прэтэндэнтам на паездку ад Беларусі на “Оскар” быў толькі “Крышталь” Дар’і Жук. Днямі пра оскараўскія амбіцыі абвясцілі аўтары “Сабакі Рыжга”: прадзюсар Сяргей Ждановіч і рэжысёр Вільям дэ Віталь. У бэкграўндзе гэтага творчага дуэта ёсць прапагандысцкі баявік “Мы, браты…” з Эрыкам Робертсам, які таксама здымаўся на “Беларусьфільме”.

Ігар Поршнеў заўважае, што заяўкі ад краін Амерыканская кінаакадэмія прымае да 30 верасня.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі