Яго падазраюць у злачынствах супраць чалавечнасці. / Getty Images
Офіс пракурора Міжнароднага крымінальнага суда (МКС) пастанавіў пачаць расследаванне беларускай сітуацыі ў сувязі са злачынствамі супраць чалавечнасці, учыненыя рэжымам Лукашэнкі.
Папярэдняе расследаванне праводзілася з 30 верасня 2024 года з ініцыятывы Літвы. Хоць Беларусь не падпісала Рымскі статут, але частка злачынстваў была ўчыненая на тэрыторыі Літвы.
"Ёсць разумныя падставы меркаваць, што прымусовыя дзеянні, якія прывялі да дэпартацыі, уяўлялі сабой курс паводзін у дачыненні да рэальных або меркаваных апанентаў урада Беларусі, у адпаведнасці з дзяржаўнай палітыкай або ў мэтах яе прасоўвання. Прадстаўніцтва прыйшло да высновы, што меркаваныя злачынствы, учыненыя ўладамі, былі заахвочаныя або ўхваленыя найвышэйшым кіраўніцтвам урада.
Існуюць таксама разумныя падставы меркаваць, што гэтыя злачынствы былі здзейсненыя ў рамках шырокамаштабнага і сістэматычнага нападу на мірнае насельніцтва, улічваючы іх вялікі маштаб, колькасць ахвяр і арганізаваны характар дзеянняў.
Расследаванне ахоплівае трансгранічныя злачынствы — любыя мінулыя і цяперашнія абвінавачванні ў злачынствах, учыненых з 1 траўня 2020 года ў Беларусі, калі хаця б адзін элемент злачынства быў учынены на тэрыторыі Літвы, у адпаведнасці з параметрамі накіравання і юрысдыкцыйнымі рамкамі", — адзначаецца ў паведамленні офіса пракурора МКС.
Каментуючы гэтае рашэнне, кіраўніца Аб'яднанага пераходнага кабінета Святлана Ціханоўская адзначыла: "Я вітаю рашэнне Міжнароднага крымінальнага суду пачаць раследаванне супраць рэжыму Лукашэнкі за злачынствы супраць чалавечнасці. Праз дзеянні рэжыму пацярпелі і працягваюць цярпець сотні тысячаў беларусаў, а палітыка Лукашэнкі стварае пагрозы і для суседзяў Беларусі".
Як дадаў яе намеснік у АПК Павел Латушка, гэтае рашэнне азначае, што Лукашэнка будзе абвешчаны ў міжнародны вышук.
Плаціце падаткі ў Польшчы? Тады вы можаце падтрымаць Еўрарадыё і перавесці нам 1,5% свайго падаходнага. Гэта проста! У дэкларацыі ў графе "1,5 na OPP" трэба ўвесці KRS 0000507234 і cel 137070. Вы ўбачыце арганізацыю FANIMANI — так і мусіць быць, гэта нашыя партнёры. Гэта дапаможам нам станавіцца яшчэ лепш!
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут