Новыя санкцыі ЕС супраць рэжыму Лукашэнкі могуць набыць моц напрыканцы месяца

22/11/2021 - 17:58

Новы пакет санкцый ЕС супраць рэжыму Лукашэнкі хутчэй за ўсё набудзе моц напрыканцы лістапада. Пра гэта заявіла міністр замежных спраў Эстоніі Эва-Марыя Ліймэтс.

"Цяпер пастаўленая мэта ўвесці санкцыі да канца месяца", перадае ERR яе словы. Яна дадала, што гэтыя санкцыі будуць узгодненыя з іншымі краінамі-аднадумцамі — напрыклад, ЗША, якія ўвядуць свае санкцыі на пачатку снежня.

15 лістапада міністры замежных спраў краін Еўрасаюза дасягнулі палітычнай згоды пра пяты пакет санкцый супраць рэжыму Лукашэнкі. Гэты пакет санкцый — адказ ЕС на міграцыйны крызіс на мяжы з Беларуссю. Было ўзгодненае і змесціва пакета. Цяпер, па словах Ліймэтс, юрыдычныя службы ЕС працуюць над юрыдычным афармленнем. 

Эстонская міністр падкрэсліла, што спіс асобаў, якія ўвойдуць у пяты пакет санкцыяў, узгоднены, але не стала канкрэтызаваць яго: "На гэты момант узгодненыя як фізічныя, так і юрыдычныя асобы, у тым ліку шэраг кампаній. Аднак дакладна сказаць, хто ўвайшоў у гэты спіс, на жаль, немагчыма да таго часу, пакуль спіс не будзе канчаткова дапрацаваны і апублікаваны".

На думку Ліймэтс, у "чорны спіс" абавязкова павінныя трапіць установы і кампаніі, якія ўдзельнічалі ў дастаўцы нелегальных мігрантаў на межы Еўрасаюза.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі