Новы міністр спорту гаварыў пра будучую зімовую Алімпіяду, але не згадаў летнюю

05/03/2018 - 18:32

Новы міністр спорту гаварыў пра будучую зімовую Алімпіяду, але не згадаў летнюю. 5 сакавіка стала вядома, што Міністэрства спорту і турызму Беларусі ачоліў былы супрацоўнік Службы бяспекі прэзідэнта Сяргей Кавальчук. У сваіх першых каментарах на новай пасадзе ён гаварыў пра шмат праблем, якія ёсць у развіцці зімовых відаў спорту.

“У бліжэйшы час хочам правесці нараду, у тым ліку з удзелам трэнераў, прадстаўнікоў усіх спартыўных федэрацый, і вызначыцца з задачамі, якія неабходна вырашыць у летні, падрыхтоўчы перыяд з тым, каб наступныя зімовыя Алімпійскія гульні для нас прайшлі на больш высокім узроўні, — цытуе словы Кавальчука БЕЛТА. — Сёння трэба разабрацца найперш з тымі праблемамі, якія існуюць у галіне”.

Выдатна, што новы міністр ужо думае пра будучыя зімовыя Алімпійскія гульні, але яны пройдуць толькі праз 4 гады (у Кітаі). Але ж у 2020-м адбудзецца летняя Алімпіяда (у Японіі). Пра падрыхтоўку да яе Сяргей Кавальчук пакуль не выказаўся.

У той жа час міністр адзначыў, што збіраецца асаблівую ўвагу звяртаць на развіццё масавых відаў спорту, ужо знаёміўся з замежным досведам. Кавальчук перакананы, што праз масавы спорт удасца знайсці спартсменаў, якія змогуць паказаць вынік, які “патрэбны сёння і цяпер”.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі