Новая Зеландыя ўвяла санкцыі супраць рэжыму Аляксандра Лукашэнкі

17/06/2021 - 11:08

Новая Зеландыя ўвяла візавыя санкцыі супраць прадстаўнікоў беларускага рэжыму. Падставай для санкцыяў сталі падазрэнні ў фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў 2020 года і парушэнні правоў чалавека. Пра гэта заявіла міністр замежных спраў краіны Нанаія Махута.

"Новая Зеландыя лічыць дзеянні рэжыму Лукашэнкі непрымальнымі і далучаецца да партнёраў, спыняючы выдачу ўязных віз шэрагу асоб, якія маюць дачыненне да злоўжыванняў. Забарона закране больш за 50 чалавек, уключаючы прэзідэнта, ключавых супрацоўнікаў яго адміністрацыі, выбарчай камісіі краіны, паліцэйскага ведамства і сіл бяспекі", — цытуе ТАСС яе заяву. 

Кіраўніца знешнепалітычнага ведамства Новай Зеландыі згадала і нядаўнюю пасадку ў Мінску самалёта Ryanair, а таксама арышт блогера Рамана Пратасевіча і Сафіі Сапегі. "Мы вітаем расследаванне гэтага інцыдэнту Міжнароднай арганізацыяй грамадзянскай авіяцыі (ІКАО) і <...> працягваем заклікаць Беларусь да правядзення свабодных і справядлівых выбараў", — дадала Нанаія Махута.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі