Новае пакаленне. Стваральнік "Мазгабойні" Аляксандр Ханін

02/07/2019 - 12:18
Тут і далей фота: Таццяна Менская

Яны таленавітыя харызматыкі, яны ўжо мяняюць наша жыццё. Яны жывуць па сваіх правілах і ператвараюцца ў новых лідараў. Еўрарадыё і фатограф Таццяна Менская працягваюць праект "Лад жыцця. Новае пакаленне". Сёння наш герой — прадпрымальнік Аляксандр Ханін, сузаснавальнік паб-квіза "Мазгабойня".

Калі думаць прагматычна, то менавіта лянота і добрая адукацыя навучылі мяне думаць. У школе захапіўся журналістыкай, але пайшоў у БНТУ на будфак, адкуль вылецеў за непаспяховасць. І вырашыў паступаць у Вільню, у ЕГУ, на журналістыку. Адукацыя радыкальна адрознівалася ад нашай. Мне падабалася, што на семінарах я мог спрачацца з выкладчыкамі і адстойваць свой пункт гледжання. У гэтым увесь сэнс гуманітарных ведаў. Абсалюту няма.

Выхадцы з ЕГУ, як бы гэта па-снобску ні гучала, — эліта. Іх не так ужо і шмат у нашай краіне, многія не вярнуліся ў Беларусь пасля навучання. У нейкі момант, калі я яшчэ ацэньваў людзей, я лічыў тых, хто вяртаўся ў Мінск, лузерамі. Але потым вярнуўся сам. Мы паступова мяняем горад, краіну. Мы зробім яе такой, якой хочам, каб яна была. Калі ёсць шырокае кола знаёмстваў і гадамі напрацаваныя сацыяльныя сувязі, то паляпшаць свет вакол значна прасцей. Выпраўляць для мяне прасцей, чым пачынаць з нуля дзесьці за мяжой.

Калі ўпэўнены, што робіш усё правільна, няма ніякіх расчараванняў, што б ні здарылася ў працы. Нават Аль Капонэ верыў у гэта: "Найлепшыя гады свайго жыцця я патраціў на тое, каб дапамагаць людзям добра бавіць час". Праўда, яго ўпяклі за гэта за краты.

Па сваім складзе прыдумаць і прадумаць ідэю, удыхнуць у яе энергію для мяне прасцей, чым яе рэалізоўваць, улічваючы дробныя дэталі. Дальнабачныя ідэі ўзнікаюць у мяне якраз дзякуючы таму, што я не займаюся іх рэалізацыяй да самага канца. Інакш у гэтай руціне немагчыма падняць галаву.

Для прыняцця рашэнняў і генерацыі новых ідэй, для ціхага дыялогу з сабой варта адключаць інтэрнэт: так галава працуе лепш, знікае шум. Мая мэта — да 2020 года плаўна павялічваць час без сацсетак, атрымліваючы так званы стэрыльны час — 8 сутак кожны месяц (усе выхадныя) і кожны дзень да поўдня, адну гадзіну перад сном кожны вечар.

З моманту старту праекта "Мазгабойня" ў 2012 годзе мы з Кацярынай [Кацярына Максімава — сузаснавальніца праекта. — Еўрарадыё] пяць гадоў без перапынку рабілі ўсё самі. Але паступова сабралася магутная каманда, функцыі пераразмеркаваліся, і канчатковай рэалізацыяй сталі займацца іншыя людзі. Мы з Кацяй засталіся стратэгамі і заняліся глабальнымі партнёрствамі. Напрыклад, цяпер у нас год супрацоўніцтва з кампаніяй Wargaming. Вось толькі што скончыліся Еўрапейскія гульні — наш квіз забаўляў людзей у фанзоне. Хапае і глабальных ідэй. Думаем над сацыяльным складнікам праекта. Глядзім у бок VR і AR.

Мінск тым добры, што ён як чысты ліст — бяры і рабі! Адно з маіх страсных захапленняў — урбаністыка. Усё ў нашых руках, не трэба чакаць, што нехта прыйдзе і зробіць, трэба самім уносіць прапановы, рухаць. Галоўнае разумець, што мы хочам атрымаць у выніку. Трэба падымаць культуру спажывання гарадской прасторы.

Ідэямі дзяліцца з іншымі людзьмі не баюся. Я прыхільнік такіх узаемаадносін паміж канкурэнтамі, што калі ўтойваеш ідэі і нікому пра іх не расказваеш, то вялікая імавернасць, што нічога і не выйдзе. Па-першае, ты не можаш атрымаць зваротную сувязь, а, магчыма, робіш глупства, а па-другое, тармозіш развіццё ўсёй нішы.

Хтосьці можа ўкрасці ідэю, і няхай. Няхай больш людзей паляпшаюць свет вакол, а я буду рабіць сваё.

Раней мяне моцна парыла, што пра мяне падумаюць. Заўважаў за сабой, што міжвольна пачынаў працаваць на публіку. А гэта лёгка счытваецца. Людзі, якія не падзяляюць мае погляды, раздражнялі. Вырашыў змяняць сябе. Як толькі пачынаў думаць пра кагосьці з раздражненнем, надзяваў бранзалет на другую руку. За дзень такіх пераадзяванняў магло быць 20-30... Цяпер імкнуся людзей не ацэньваць, а працаваць над сабой!

Прапрацаваўшы 10 гадоў футбольным арбітрам, я цяпер магу спрытна даць ляшча ў спрэчцы аб футбольных правілах — аказваецца, іх ведае вельмі мала людзей. Алкаголь амаль не п'ю — мне гэта не трэба для расслаблення. Я наогул не напружваюся, мая рабочая стомленасць — прадукцыйная. Магу валіцца з ног, але задаволены і рэалізаваны.

Дзяўчат сустракаю па адзежы — без гэтага ніяк. (Усміхаецца) Але гэта не я! Гэта мой "жывёльны" мозг іх першым сустракае! Лацінаамерыканская мадэль сям'і, дзе жанчына — дзеці і дом, мяне зусім не задавальняе. Я за роўныя партнёрскія адносіны ва ўсім.

Мабыць, адзінае, што мяне можа вывесці з раўнавагі, дык гэта неўладкаванасць побыту! Я педантычны гультай. Люблю, каб усё было арганізавана так, каб мяне нічога не адрывала ні ад працы, ні ад блізкіх зносін, ні ад медытацыі. Побыт можа зламаць усё.

Абажаю кампаніі людзей з выдатным пачуццём гумару. Ты ловіш хвалю, і ў цябе маментальна нараджаюцца дахазнасільныя жарты, пачынаеце цягацца адно з адным, і тады ўжо нікога не спыніць. А сам па сабе я тугаваты на гумар.

Імкнуся культываваць у сабе экспертнасць, паглыбляцца ў прадмет вывучэння, канкрэтызаваць, прадумваць на некалькі крокаў наперад. Таму што калі ты эксперт ва ўсім, то ты эксперт ні ў чым.

Калі б я не прыдумаў "Мазгабойню", быў бы выкладчыкам, ментарам, кансультантам. У мяне велізарная патрэба дзяліцца ведамі і досведам. Калі адчуваю, што мне ёсць што сказаць, прапанаваць, абмеркаваць, з задавальненнем згаджаюся на публічнае выступленне і раблю гэта ў кайф. Але не лічу сябе ўніверсальным аратарам — калі тэма не мая, не імкнуся любымі спосабамі кудысьці запхнуць сваю пысу.

Бацькі на заранку майго прадпрымальніцтва не разумелі мяне, але цяпер яны сапраўды мной ганарацца. І яшчэ адзін блізкі чалавек ганарыцца. І ўсё. Мне так здаецца. Ну... Можа, і я сам трошкі сабой ганаруся. Але наперадзе яшчэ вельмі шмат працы і эвалюцыі.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі