Выглядае на тое, што прагнозы на бягучы год праваленыя / Еўрарадыё
Пасля нарады ў Лукашэнкі віцэ-прэм'ер Раман Галоўчанка заявіў, што ключавая задача ўрада на 2021 год — павелічэнне рэальных даходаў насельніцтва. Пастаўлены і план па ВУП. Ён павінен вырасці на 1,8%. Задача па інфляцыі — не больш за 5%.
Еўрарадыё распытала экспертаў пра тое, наколькі гэта рэалістычна.
Заадно мы прыгадалі прагнозы ўрада на 2020 год. ВУП павінен быў вырасці на 2,8%, але па выніках студзеня — кастрычніка прасеў на 1,1%. Мэта па інфляцыі на 2020 год — не больш за 5%, але яе фактычнае значэнне на кастрычнік (да кастрычніка мінулага года) — 6,2%. Але ж гэта быў год каранавіруса. І да таго ж высакосны. Складаны год, увогуле кажучы.
Старшы аналітык "Альпары Еўразія" Вадзім Іосуб адзначае, што пасля 2017 года рэальныя даходы жыхароў Беларусі рэгулярна растуць. Але ёсць некалькі нюансаў.
Рэальныя даходы насельніцтва — гэта даходы з папраўкай на інфляцыю. Умоўна кажучы, яны растуць, калі заробкі растуць хутчэй, чым інфляцыя, і значыць, з часам рэальна можна дазволіць сабе купіць больш тавараў і паслуг.
— Са снежня мінулага года насельніцтва купляе валюты больш, чым прадае. Відавочна, растуць дэвальвацыйныя і інфляцыйныя чаканні. Але нават калі б не было тых палітычных падзей, якія мы маем, то далейшы рост рэальных даходаў у адрыве ад прадукцыйнасці працы прыводзіў бы да гэтых негатыўных эфектаў, — працягвае аналітык.
Выйсці на рост рэальных заробкаў налета будзе складана. На гэта паўплывала і асаблівасць гэтага года — дэфіцыт бюджэту. Папярэднія некалькі гадоў у беларускі бюджэт больш паступала сродкаў, чым трацілася.
— Дэфіцыт бюджэту чакаецца і налета. Дзе ўзяць грошы, напрыклад, на рост даходаў бюджэтнікаў, прычым такі, які будзе апярэджваць інфляцыю, — незразумела. Ва ўрада ёсць планы па росце эканомікі. Мне здаецца, яны неапраўдана аптымістычныя. Хутчэй за ўсё, эканоміка будзе зніжацца. У гэтых умовах незразумела, адкуль узяцца і росту даходаў работнікаў прыватнага сектара ў сярэднім па краіне.
Найбольш імаверны сцэнар — росту рэальных даходаў не будзе, лічыць Вадзім Іосуб.
Ёсць альтэрнатыўны сцэнар. Грошы для росту даходаў можна і надрукаваць. Гэта прывядзе толькі да росту цэн і курса замежных валют.
— У гэтым выпадку мы можам атрымаць рост намінальных даходаў без росту рэальных. Рэальныя даходы з'есць узрослая інфляцыя.
Каб рэальныя даходы раслі, трэба павелічэнне прадукцыйнасці працы, эканомікі і даходы бюджэту павінны перавышаць расходы.
— Нічога з гэтых трох пунктаў налета не чакаецца. Акрамя таго, мае значэнне менавіта прададзеная прадукцыя. Калі ты прадукцыю прадаеш, ты атрымліваеш грошы, за кошт якіх у тым ліку можаш плаціць заробкі. Калі ты зрабіў трактар, паставіў на склад і не прадаў, гэты трактар не дапаможа плаціць заробкі. Нават наадварот. Для таго каб вырабіць трактар, былі выдаткаваныя грошы. Яны аказваюцца замарожаныя на складзе.
У выніку чым больш прадпрыемства вырабіць на склад, тым складаней яму будзе не толькі павялічваць заробкі, а выплачваць іх у прынцыпе.
Перадумоў для таго, каб Беларусь стала прадаваць больш налета, няма. Праз тое, што ўнутраны рынак краіны невялікі, цікавы экспарт.
— Трэба ўлічваць каранавірус і запаволенне сусветнай эканомікі. Думаю, у той ці іншай ступені будуць уведзеныя санкцыі. Пакуль мы не ведаем, да якіх прадпрыемстваў, але да нейкіх будуць. Гэта перакрые прынамсі каналы продажаў на захад. У Расію і так прадаём, колькі можам. Наўрад ці Расія возьмецца купляць дадаткова тавары, ад якіх у выніку санкцый адмовіцца Захад.
Раман Галоўчанка таксама заявіў, што "паводле ацэнак урада, ВУП па выніках года складзе 99,1-99,2% (зніжэнне на 0,9-0,8%). І нават пры такім выніку Беларусь захавае лідарскія пазіцыі па росце эканомікі не толькі сярод суседзяў, але і ў цэлым па Еўропе".
Дырэктар Даследчага цэнтра ІПМ Аляксандр Чубрык падкрэслівае, што рост рэальных даходаў насельніцтва — задача не ўрада, а самога насельніцтва.
— Прынцыповая бяда нашай сістэмы дзяржкіравання ў тым, што ёй пастаянна ставяць задачы нешта камусьці павялічваць. Задача ўрада не ў тым, каб павялічыць даходы насельніцтва, а ў тым, каб стварыць рамачныя ўмовы, у якіх насельніцтва зможа павялічыць свае даходы. Грошы зарабляюць людзі, а не ўрад.
На думку экспэрта, праблема ў тым, што эканамічны блок урада моцна абмежаваны ў сваіх магчымасцях.
— Эканамічная актыўнасць паралізаваная татальнай нявызначанасцю. Нявызначанасць стала словам года для Беларусі сярод іншых слоў года. Яна караніцца ў нявырашанасці палітычнага крызісу. І яго пераадоленне знаходзіцца па-за сферай магчымасцяў эканамічнага блока ўрада.
На гэтым фоне размовы пра рост ВУП ці нават пра стварэнне ўмоў для росту даходаў насельніцтва наўрад ці будуць успрымацца эканамічнымі агентамі сур'ёзна.
— Урад можа паспрабаваць не зламаць тую макраэканамічную стабільнасць, якая нейкім цудам існуе. Напрыклад, не рэгуляваць цэны, не спрабаваць шляхам эмісіі вырашаць фінансавыя праблемы дзяржпрадпрыемстваў і бюджэту. Не зламаць тое, што было зроблена Нацыянальным банкам і ўрадам. Інакш гэта скончыцца зусім іншай інфляцыяй, далёкай ад 5%. Палітычны крызіс пакуль ставіць крыж на магчымасцях развіцця. Паколькі да любых, нават самых прагрэсіўных мер, якія б ні былі прынятыя, даверу не будзе.
Ключавая задача для ўрада — разуменне і прыняцце сітуацыі. Пакуль на праблему не звяртаецца ўвага, яна не вырашыцца, падкрэслівае эксперт.
— Урад можа, па меншай меры, даволі адкрыта ўнутры сістэмы органаў дзяржкіравання паказваць, да чаго мы прыйдзем, калі мы не будзем вырашаць бягучыя палітычныя праблемы, — рэзюмуе Аляксандр Чубрык.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.