У Беларусі сарваўся праект па стварэнні самалёта для Расіі. BELPOL на падставе дакумента раскрывае падрабязнасці / Скриншот видео
Праект па стварэнні серыйнай вытворчасці лёгкага шматмэтавага самалёта ЛМС-192 "Асвей", які Беларусь хацела выпускаць сумесна з Расіяй і ёй жа прадаваць, фактычна закрыўся. Гэта вынікае са службовага ліста старшыні Дзяржаўнага ваенна-прамысловага камітэта Беларусі Дзмітрыя Пантуса, накіраванага расійскаму боку. Дакумент апісвае сістэмныя зрывы тэрмінаў і фінансавыя разыходжанні, якія фактычна паставілі пад пагрозу ўвесь праект. Падрабязнасці расказвае BELPOL.
Яшчэ ў 2023 годзе было дасягнута пагадненне пра выпуск самалёта. Вытворчасць планавалася на базе 558-га авіярамонтнага завода ў Баранавічах пры ўдзеле Мінскага завода грамадзянскай авіяцыі №407 і Уральскага завода грамадзянскай авіяцыі.
Беларусь павінна была стварыць канструктарскае бюро, пабудаваць вытворчыя цэхі і закупіць абсталяванне. Фінансаванне праекта ацэньвалася ў 130 млн долараў, а завяршэнне работ — у 2027 годзе.
Планы былі амбіцыйныя. Першыя выпрабаванні самалёта павінны былі прайсці ўжо ў 2026 годзе, у гэтым жа годзе паводле планаў павінны былі быць выраблены два экзэмпляры. Расійскі бок абавязаўся забяспечыць заказы да 2038 года — не менш за 170 фюзеляжаў і 89 самалётаў. Да 2030 года павінна было быць выраблена 20 самалётаў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут