“Не дазваляйце абражаць сябе тым, што “ты ніхто” — Ціханоўская пра асабістае

29/12/2022 - 12:10
Святлана Ціханоўская / t.me/tsikhanouskaya

Напрыканцы 2022 года Святлана Ціханоўская шмат распавяла пра сваё асабістае жыццё ў вялікім інтэрв'ю Еўрарадыё. Як чалавек, які з’яўляецца голасам незалежнай Беларусі ў свеце, спраўляецца з псіхалагічным ціскам і здрадамі? Ці атрымліваецца завесці сяброў сярод сусветных палітыкаў? Як Ціханоўская з дзецьмі рыхтуе віншаванні са святамі палітзняволенаму мужу Сяргею Ціханоўскаму?

Мы сабралі для вас самыя цікавыя адказы на пытанні пра асабістыя справы Святланы Ціханоўскай.

Зміцер Лукашук: Пэўныя моманты 2020 года засталіся па-за кадрам. Вы не думаеце, што, можа, прыйшоў час расказаць?

Святлана Ціханоўская: Не. Я сыходжу з меркавання, што такія гісторыі цяпер нам не дапамогуць. Яны дапамогуць, можа, толькі рэжыму: “Вось, яны зноў сварацца, паглядзіце на іх!” Навошта? Гэтыя гісторыі ніякага ўнёску ў дэмакратычны рух не прынясуць, яны толькі, можа, пасвараць каго больш. І пачнуцца спрэчкі, праца не над тым, што можна зрабіць для Беларусі.

Будуць раздзімаць нейкія гарачыя тэмы, што вось Ціханоўская нешта на кагосьці сказала. Будуць капацца ў брудзе, а не траціць свае сілы і энергію, каб запусціць яшчэ адзін збор дапамогі нашым палітзняволеным. Ці збор дапамогі нашым дабраахвотнікам [ва Украіне. — Еўрарадыё].

Святлана Ціханоўская / t.me/tsikhanouskaya

З. Л.: Калі Святлана Ціханоўская была вымушаная з’ехаць з Беларусі ў Літву, было адчуванне, што яна завязала з палітыкай. І раптам яна вярнулася. Што прымусіла вярнуцца?

С. Ц.: Я памятаю момант, калі я апынулася ў Вільні, і я была ўпэўненая, што зараз кожны беларус будзе казаць у пабліку, што здрадзіла, з’ехала. А я пачула столькі слоў падтрымкі. Я пачула: “Святлана, добра, што вы ў бяспецы, вы можаце працягваць, вы можаце быць нашым голасам, вы — чалавек, за якога мы галасавалі”. Хаця я разумею, што галасавалі не за мяне, а за перамены ў Беларусі.

Калі я выехала, першая фраза, якую я пачула ад аднаго чалавека (калі прыйдзе час, я назаву гэтага чалавека), ён сказаў: “Ты знаешь Тихановская, что белорусы тебя презирают”. Яна па-руску гэта казала [верагодна, гэты чалавек жанчына. — Еўрарадыё].

І першыя два-тры дні я жыла з гэтай думкай. Я прыслухоўвалася да гэтага чалавека. Але ж потым я ўбачыла, што гэта не так, што супрацьлеглае меркаванне беларусаў. І падтрымка людзей дала мне штуршок да таго, каб рухацца.

З. Л.: Вы сустрэліся ўжо з дзесяткамі палітыкаў, лідараў, вядомых людзей. Ці пасябравалі з кімсьці па-сапраўднаму?

С. Ц.: Ёсць такія палітыкі, асабліва жанчыны з палітыкі, якім мне не трэба расказваць, што адбываецца. Яны і так усё ведаюць, цікавяцца. І, калі мы сустракаемся, мы пераходзім да справаў, што можна зрабіць, што неабходна. Гэта Раберта Метсола, старшыня Еўрапарламенту. Мы з ёю пазнаёміліся яшчэ да таго, як яна стала на гэтую пасаду. Вельмі добра пасябравалі, у нас ёсць прыватная перапіска.

Аналена Бербок [кіраўніца Міністэрства замежных спраў Германіі. — Еўрарадыё] — таксама вельмі добрыя ў нас адносіны, як сяброўкі маем зносіны, калі сустракаемся.

З. Л.: Мне асабліва падабаюцца фінскія жанчыны-палітыкі. Вы таксама з імі сустракаліся. Яны вас навучылі, як трэба нармальна адрывацца на дыскатэцы, адпачываць?

С. Ц.: Яны могуць сабе гэта дазволіць, калі ў краіне спакойна, калі жыхары краіны ў дастатку жывуць. Канешне, можна сабе гэта дазволіць, але ж мы не ў тых абставінах. Нават ловіш сябе на думцы, што ты не маеш права ўсміхацца, адпачываць. Я да нейкага часу не дазваляла ўжываць здымкі для медыя, дзе я ўсміхаюся, бо я ўжо сабе ўяўляю, якая рэакцыя будзе ад рэжыму ці ад нейкіх апанентаў дэмакратычных: “Вось людзі ў турмах, вайна, а яна ўсміхаецца”

Святлана Ціханоўская з прэм’ер-міністаркай Фінляндыі Санай Марын / https://t.me/tsikhanouskaya

З. Л.: Вы казалі, што часам апускаюцца рукі. Вы не адчуваеце патрэбы ў псіхалагічнай дапамозе, можа быць, з псіхолагам працуеце?

С. Ц.: Не, я з псіхолагам ніколі не працавала. Для мяне людзі ў маім атачэнні — такія персанальныя псіхолагі. Але ж я хачу сказаць усім людзям, якія адчуваюць, што ім патрэбная дапамога псіхолага, што яны ўжо на нейкай мяжы, — не саромцеся. Ёсць вельмі шмат [ініцыятываў па] псіхалагічнай бясплатнай дапамозе, да якіх вы можаце прыйсці са сваімі патрэбамі. Звяртайцеся, гэта неабходна.

З. Л.: Колькі разоў за гэты год вам хацелася плюнуць і сказаць: “Ай, да ну яго ўсё! Пайду спакойна падалей ад гэтых вандровак, сустрэч, прэтэнзій жыць, выхоўваць дзяцей”?

С. Ц.: Думаю, тут асноўнае — “спакойна жыць”. Нават калі б я стамілася да такой ступені, што не магла б выконваць працу, якую я выконваю, то гэта не аб супакоі. Усё роўна баліць сэрца, баліць душа, і я разумею, што я асабіста ўзяла на сябе гэтую ношу і я яе павінна несці. Канешне, такія думкі прыходзяць, асабліва, калі бачыш нейкую здраду ад людзей, якія таксама за дэмакратычная змены.

З. Л.: Хто апошні вам здрадзіў?

С. Ц.: Я не буду называць імёны. Гэта нікому не дапаможа цяпер.

З. Л.: Раскажыце пра сям’ю. Як дзеці?

С. Ц.: Я не ведаю, як адказваць на пытанні “як ты” і “як дзеці”. Здаецца, што добра. Не хварэюць, вучацца. Я хачу, каб у іх было дзяцінства, але ж нельга сказаць, што ўсё нармальна ці ўсё добра. Бо не добра. Не добра ні ў нас, ні ў Беларусі. Не добра ў тых, хто з’ехаў.

З. Л.: Вы расказвалі, што разам з дзецьмі робіце малюнкі, дасылаеце мужу ў турму. Цяпер штосьці да Калядаў адмысловае рыхтавалі?

Сяргей Ціханоўскі / t.me/tsikhanouskaya

С. Ц.: Канешне, і дачка намалявала, і сын прыдумаў бацьку красворд, зашыфраваў там “З Новым годам”, каб ён адгадаў. Я тлумачу ім, як там цяжка, як яму важна бачыць, што дзеці хочуць яму нешта расказаць, зацікавіць яго.

Мой сын вельмі цікавіцца гісторыяй. Расказваю яму нейкія гістарычныя факты, пра рэвалюцыю 1917 года, як фармаваліся краіны і гэтак далей. Гэта яму цікава і гэта ад сябе ён піша Сяргею. Улічваючы, што Сяргею не дазваляюць кніжкі набываць, пісаць, чытаць, думаю, што гэта добрая падтрымка.

З. Л.: Да нас у дзяцінстве прыходзіў Дзед Мароз. А цяпер? Можа, да вас пачаў ужо Святы Мікалай прыходзіць?

С. Ц.: Баюся, што зноў будзе шмат крытыкі, але ж гэты персанаж усё ж з дзяцінства. У дзяцінстве ў мяне быў Дзед Мароз і ад гэтага вельмі цяжка адмежавацца. І ў дзяцей маіх заўжды быў Дзед Мароз. Я думаю, што, як і беларуская мова, як нацыянальная свядомасць, гэта працэс. Не за адзін год Дзед Мароз стане святым Мікалаем.

Я спрабавала растлумачыць дзецям, хто такі Святы Мікалай, чым ён адрозніваецца ад Дзеда Мароза. Яны таксама вучацца быць рэальнымі беларусамі, а не толькі так называцца. І можа яшчэ не адно пакаленне пройдзе, пакуль Дзед Мароз будзе ў нас Святым Мікалаем і будзе ўспрымацца нармальна, а не як нешта штучна навязанае.

З. Л.: Ці ёсць у вас пажаданні да Новага года Беларусі, беларусам, а, можа, канкрэтнаму чалавеку?

С. Ц.: Я так баюся, што любыя словы, якія я зараз скажу, будуць гучаць банальна. Але хачу сказаць беларусам, каб яны сябе не недаацэньвалі. Бо пакуль мы будзем лічыць сябе маленькімі людзьмі, няздольнымі ні да чога, то нічога і не выйдзе. Усвядомце, што кожны з вас вялікі чалавек. І ніколі не дазваляйце абражаць сябе тым, што “ты ніхто, ты нічога не можаш”. Мы вельмі моцная нацыя, мы гэта ўжо даказалі і працягваем даказваць.

І не сварыцеся з тымі, хто на тым баку. Спакойна данасіце сваё меркаванне, сваю думку. Гэта цяпер вельмі цяжка рабіць. Бо любое слова супраць — і цябе могуць здаць у КДБ, і ты пойдзеш у турму. Але ж не прыпадабняйцеся да тых, хто гвалтам, дубінкамі, абразамі імкнецца данесці сваю кропку гледжання. Ганарыцеся тым, што вы беларусы і памятайце, што толькі разам мы можам пабудаваць краіну для жыцця.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі