Ілля Новікаў пра "справу нарвежца": Ні адна камера не паказала нічога выразнага

12/02/2020 - 11:10
Даг Вівестад / svaboda.org

71-гадовага нарвежца Дага Вівестада суд у Брэсце прызнаў вінаватым у хуліганстве. Працэс праходзіў у закрытым рэжыме, бо замежніка абвінавачвалі ў дзеяннях сексуальнага характару ў адносінах да непаўналетняй — 10-гадовай дзяўчынкі, з якой ён загаварыў у холе гасцініцы.

"Справу нарвежца" перадавалі ў суд з абвінавачаннем у педафіліі, але ў працэсе па ініцыятыве дзяржабвінавачання артыкул замянілі на "Хуліганства". Менавіта за яго Даг атрымаў шэсць месяцаў калоніі, з якіх амаль пяць ужо правёў у СІЗА.

Але як наогул з педафіла можна ператварыцца ў хулігана? І калі нарвежац, якога разам з сябрам збівалі абражаныя да глыбіні душы сваякі дзяўчынкі, паспеў здзейсніць "дзеянні хуліганскага характару"?

"Абвешчана толькі рэзалютыўная частку прысуду, таму мы не можам пакуль сказаць дакладна. Але факт, што з самага пачатку абвінавачанне выглядала вельмі непраўдападобна: следства сцвярджала, што Вівестад чапляўся да 10-гадовай дзяўчынкі проста ў холе гасцініцы на вачах у людзей, — расказвае Еўрарадыё вядомы расійскі адвакат Ілья Новікаў, які ў "справе нарвежца" кансультаваў беларускіх калег. — Так проста не бывае, калі чалавек пры свядомасці. Пераканаўчых доказаў гэтаму ў выніку не знайшлося".

Па словах Новікава, падчас працэсу праглядаліся запісы з камеры відэаназірання гасцініцы. Аднак яны вельмі дрэннай якасці: "Ні адна камера не паказала нічога выразнага".

Адвакаты, якія прадстаўлялі інтарэсы нарвежца ў судзе, не маюць права каментаваць ход працэсу праз тое, што ў ім закранаюцца інтарэсы непаўналетняй.

Як расказвала Еўрарадыё, у 2019 годзе нарвежскі аматар ваеннай гісторыі падарожнічаў па месцах, звязаных з Другой сусветнай вайной. У Брэсце ў гасцініцы "Беларусь" ён разам са сваім сябрам Уле сустрэў 10-гадовую дзяўчынку, якая загаварыла з імі па-англійску. Убачыўшы гэта, сваякі дзяўчынкі выбеглі з рэстарана і збілі нарвежцаў, западозрыўшы іх у прыставаннях. Яны ж выклікалі міліцыю.

Сваякі Дага заявілі, што ён усяго толькі пацалаваў дзяўчынку ў шчаку, што для Нарвегіі нармальна. Па іх словах, Уле беларускія міліцыянеры адпусцілі, таму што ён быў збіты так моцна, што не мог заставацца пад вартай. У Осла мужчыну прааперавалі. Але калі нарвежац звярнуўся ў міліцыю наконт збіцця, яму адказалі, што немагчыма вызначыць ступень цяжкасці яго траўмаў, бо ён сам адмовіўся ад экспертызы. Акрамя таго, праверка не пацвердзіла "факта нанясення яму ўдараў невядомай асобай".

Суд прысудзіў Дага Вівестада да 6 месяцаў калоніі агульнага рэжыму. Тэрмін адбыцця ў СІЗА яму залічаць дзень у дзень: за кратамі ён прабудзе яшчэ месяц. За першапачатковыя абвінавачанні яму пагражалі ад 8 да 15 гадоў пазбаўлення волі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі