"Нават па ініцыятыве дзяцей": у Мінску створана 36 вайскова-патрыятычных клубаў

04/05/2024 - 08:16

Вайскова-патрыятычны клуб "Мужнасць" у СШ №30 Мінска / Каастрычніцкае ГУУС

У Мінску створана 36 вайскова-патрыятычных клубаў, заявіла намесніца старшыні камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама Людміла Барысенка. Чыноўніца запэўнівае, што моладзь сама ініцыюе іх з'яўленне.

"Гэта не штучна створаныя структуры. Яны адкрываюцца па ініцыятыве саміх хлопчыкаў і дзяўчынак, якім цікавая такая форма працы. У школах функцыянуюць пошукавыя атрады. Вучні прыцягваюцца да працы па пошуку зніклых на франтах вайны, краязнаўчай рабоце, аказваюць дапамогу ветэранам", — расказала Барысенка. 

Па яе словах, такіх структур у сталіцы будзе больш, а ўлады такім чынам даюць дзецям "верныя арыенціры" і закладаюць "правільныя каштоўнасці".

На сакавік 2024 года ў Беларусі магло налічвацца больш за 900 вайскова-патрыятычных клубаў рознай накіраванасці. Па дадзеных маніторынгавай групы iSANS, яны з'яўляюцца ледзьве не штомесяц. Колькі дзяцей і падлеткаў уцягнуты ў іх дзейнасць насамрэч, застаецца толькі здагадвацца.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі