Настаўнікам зноў паабяцалі падняць заробак. Каторы раз і каторы год?

05/01/2021 - 08:06
/ Еўрарадыё

Тое, як беларускія ўлады абяцаюць падняць заробкі бюджэтнікам, можна слухаць бясконца. У прамым сэнсе. Яшчэ ў красавіку 2014 года Аляксандр Лукашэнка казаў, што "суадносіны заробку бюджэтнікаў і сярэдняга па краіне далёкія ад аптымальных — крыху больш за 70%". "Гэта таксама датычыцца настаўнікаў і лекараў", — удакладняў ён.

Прайшло амаль сем гадоў, а заробкі настаўнікаў і цяпер там. 3 студзеня ў эфіры тэлеканала СТБ міністр адукацыі Ігар Карпенка кажа, што "сёння заработная плата ў педагагічных работнікаў каля 75 адсоткаў ад сярэдняй заработнай платы". Але затое да 2025 года яна "павінна быць не меншая за 100 адсоткаў сярэдняй заработнай платы па краіне".

Звесткі Белстата / Еўрарадыё

Па звестках Белстата за трэці квартал 2020 года, сярэдні заробак у адукацыі склаў 853 рублі, а сярэдні па краіне — 1278 рублёў. Гэта значыць, што заробак педагогаў складаў толькі 66,7% ад заробку па краіне. Гэта значыць, з тых часоў, як Лукашэнка гаварыў пра крыху больш за 70%, сітуацыя не тое каб змянілася ў лепшы бок.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі