Колькі можна зарабіць?
У нарыхтоўчых пунктах у Беларусі пачалі прымаць гародніну і ягады. Ужо цяпер можна здаць клубніцы, агуркі і капусту. Грыбы і лясныя ягады пакуль здаць нельга, але нарыхтоўшчыкі абяцаюць, што гэта пытанне некалькіх дзён.
Колькі можна зарабіць на "дарах прыроды", Еўрарадыё высветліла ў нарыхтоўчым пункце Мінскага філіяла Белкаапсаюза.
Самая хадавая культура ў пачатку лета — клубніцы. Дробную ягаду, якая будзе выкарыстоўвацца для вытворчасці віна, прымаюць па 50 капеек за кіло. А вось буйныя клубніцы можна здаць ад 3 да 7 рублёў, у залежнасці ад памеру і выгляду.
Акрамя гэтага, жыхары Століншчыны ўжо вязуць у Мінск агуркі і капусту: іх прымаюць па 1,20 рубля і па рублі за кілаграм адпаведна.
Маладую бульбу прымаць пачнуць з 15 чэрвеня, здаць яе можна будзе па 2,5 рубля за кіло.
Беларусы ўжо пачалі збіраць у лесе чарніцы і суніцы, але ў пунктах прыёму іх пакуль не бяруць. Паводле нарыхтоўшчыкаў, цэны на чарніцы будуць пачынацца ад 7 рублёў за кіло.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут