Начная атака Крывога Рога, ёсць трапленні — 394-я раніца вайны ва Украіне

24/03/2023 - 06:21
Адзін з шасці расійскіх беспілотнікаў украінскім вайскоўцам удалося збіць / ілюстрацыйнае фота @ministry_of_defense_ua

Расіяне ў ноч на пятніцу атакавалі іранскімі дронамі-камікадзэ Крывы Рог. "Ёсць "прылёт", прызнаў кіраўнік Рады абароны Крывога Рога Аляксандр Вілкул. Ён звярнуўся да гараджан з просьбай нічога не здымаць і не выкладваць у сацсетках. Пазней кіраўнік Днепрапятроўскай адміністрацыі Сяргей Лысак удакладніў, што адзін беспілотнік збілі, але пяць дасягнулі мэты. Загінулых і пацярпелых няма. Гэтай ноччу паветраную трывогу з-за пагрозы нападаў беспілотнікамі аб'яўлялі і ў іншых рэгіёнах Украіны, у тым ліку ў Кіеве і вобласці, піша УНІАН

А ўчора ўвечары ўкраінскія вайскоўцы збілі ў небе над Адэсай дзве кіраваныя авіяцыйныя ракеты. Пра гэта паведамляе паветранае камандаванне "Поўдзень". Гэта былі Х-59 класа "паветра-зямля". Усяго ж за мінулыя суткі расіяне нанеслі 37 авіяцыйных і 4 ракетных удару, адзін з якіх — па Краматорску, а таксама здзейснілі 82 абстрэлы з рэактыўных сістэм залпавага агню. Гэта звесткі Генштаба УСУ.

Да сітуацыі на фронце. Расіяне працягваюць штурмаваць Бахмут. Пра гэта таксама гаворыцца ў ранішняй зводцы ўкраінскага Генштаба. "Менавіта ў раёне гэтага горада адбылося больш за ўсё баявых сутыкненняў" на Бахмуцкім напрамку ў мінулыя суткі. Таксама былі адбіты атакі праціўніка ў раёнах населеных пунктаў Арэхава-Васільеўка, Багданаўка і Прадцечына Данецкай вобласці. Ад расійскіх абстрэлаў на гэтым кірунку пацярпела больш за 15 населеных пунктаў. Расіяне таксама атакуюць на Ліманскім, Аўдзееўскім, Мар'інскім і Шахцёрскім кірунках. Але, са слоў украінскіх вайскоўцаў, беспаспяхова. За мінулыя суткі ўкраінскія вайскоўцы адбілі ў агульнай складанасці больш за 79 нападаў.

Расійскія войскі не здольныя праводзіць буйнамаштабныя адначасовыя наступальныя кампаніі па некалькіх напрамках. Пра гэта зноў пішуць эксперты Інстытута вывучэння вайны (ISW). Сваю ранейшую выснову яны падмацоўваюць словамі прадстаўніка Галоўнай управы вайсковай выведкі Украіны (ГУР) Вадзіма Скібіцкага. Са слоў Скібіцкага, расійскім сілам не ўдалося дасягнуць чаканых хуткіх або значных поспехаў у наступе на Данбасе, якое пачалося ў пачатку 2023 года.

Карта баёў у Луганскай і на поўначы Данецкай абласцей / understandingwar.org

Генеральны штаб УСУ ўчора паспяшаўся паведаміць, а потым адклікаў інфармацыю аб выхадзе расіян з Новай Кахоўкі. Гэта ў Херсонскай вобласці.
"Акупанты дагэтуль часова знаходзяцца ў Новай Кахоўцы. Інфармацыя пра нібыта сыход праціўніка з дадзенага населенага пункта была апублікаваная з прычыны некарэктнага выкарыстання наяўных дадзеных", такая інфармацыя з'явілася ўчора ўвечары ў сацсетках ўкраінскага Мінабароны.

Тым часам фінансіст групы "Вагнер" Яўген Прыгожын зняпраўдзіў заявы Крамля аб тым, што Расія ваюе з NATO ва Украіне, і ўсумніўся ў тым, ці сапраўды ва Украіне ёсць нацысты, як увесь час сцвярджае Крэмль. На гэта звяртаюць увагу эксперты Інстытута вывучэння вайны.

Прыгожын заявіў, што Расія ваюе "выключна з украінцамі", якім NATO дало абсталяванне, і некаторымі" русафобскімі "наймітамі, якія добраахвотна падтрымліваюць Украіну". Ён таксама заклікаў расійскіх вайскоўцаў і СМІ спыніць недаацэньваць украінскія сілы і ўдзельнічаць ва ўнутраных канфліктах. У справаздачы ISW таксама гаворыцца, што Прыгожын, падобна, рыхтуецца згарнуць аперацыі сваёй вайсковай кампаніі ва Украіне і перадыслакаваць групу ў Афрыку. На гэтае рашэнне паўплывала стаўленне расійскаму вайсковага кіраўніцтва да "Вагнера": скарачэнне паставак боепрыпасаў і магчымасцяў набіраць новых байцоў. ISW спасылаецца на публікацыю Bloomberg.

Яўген Прыгожын (справа) / @concordgroup_official

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі назваў пяць ключавых прычын зацягвання вайны і аддалення міру. Пра гэта ён казаў падчас выступу на пасяджэнні Еўрапейскай рады. Прамое ўключэнне Зяленскі зрабіў з вагона цягніка падчас рабочай паездкі па рэгіёнах Украіны.

Па словах украінскага прэзідэнта, ад завяршэння вайны і дасягненні міру Украіну і Еўропу аддаляюць: зацягванне з пастаўкай дальнабойных ракет для Украіны, прамаруджванне ў перадачы сучасных самалётаў, зацягванне з новымі санкцыямі, прамаруджванне з рэалізацыяй украінскай формулы міру і арганізацыяй "саміту міру", а таксама зацягванне з інтэграцыяй Украіны ў Еўрапейскі Саюз.

Чарговае пасяджэнне Еўрапейскай рады праходзіць гэтымі днямі ў Бруселі. У ім удзельнічаюць кіраўнікі дзяржаў і ўрадаў краін-членаў ЕС. Яны абмяркоўваюць расійскую агрэсію і далейшую падтрымку Украіны.

Адзін з прамежкавых вынікаў Еўрарады: Украіна, Польшча і Еўракамісія ствараюць ініцыятыву для вяртання ўкраінскіх дзяцей, якіх вывезла Расія. Для гэтага ў ЕС арганізуюць канферэнцыю. Пра гэта заявіла кіраўніца Еўракамісіі Урсула фон дэр Ляен. "Сёння мы ведаем пра 16 200 дзяцей, якія былі дэпартаваныя. Пакуль вярнуліся толькі 300. У партнёрстве з украінцамі, прэм'ер-міністр [Польшчы] Матэвуш Маравецкі і я пачалі ініцыятыву, накіраваную на вяртанне гэтых дзяцей, якіх выкрала Расія", — заявіла яна.

Па-ранейшаму застаецца незразумела, ці адбудзецца тэлефонная размова прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага з лідарам Кітая Сі Цзіньпінам. У арганізацыі размовы узніклі цяжкасці, аднак перамовы ўсё яшчэ могуць адбыцца. Пра гэта заявіў дарадца кіраўніка Офіса прэзідэнта Міхаіл Падаляк у эфіры тэлемарафона, піша Нromadske. Складанасці, па словах Падаляка, звязаныя з адсутнасцю выразнай пазіцыі кітайскага боку.

"Але ёсць пытанне, што Кітай яшчэ не знайшоў свайго новага палітычнага месца. Гэта значыць, ён ці хоча на сябе браць пытанне ўрэгулявання паміж Расіяй і Украінай, ці ён усё ж такі хоча асцярожна стаяць у баку? Кітай для сябе, як я разумею, яшчэ гэтага не высветліў", — сказаў Падаляк. Нагадаем, раней Пекін апублікаваў дакумент з 12 пунктаў, у якім падрабязна выклаў сваю пазіцыю адносна вайны, назваўшы яе "украінскім крызісам". Сярод іншых пунктаў там ішла гаворка аб спыненні баявых дзеянняў, аднаўленні мірных перамоваў, спыненні аднабаковых санкцый і "падтрыманні стабільнасці прамысловых ланцугоў і ланцугоў паставак". А 20 сакавіка Сі Цзіньпінам наведаў Маскву, дзе правёў перамовы з Уладзімірам Пуціным.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі