“Набываў па 50 грамаў, плаціў 750 долараў”. Пачаўся суд над акцёрам Купалаўскага

23/02/2016 - 12:08

22 кастрычніка, Мінск, вуліца Кірава, дом 1. Адзін з вядучых акцёраў Купалаўскага тэатра Арцём Бародзіч жыве тут са сваёй дзяўчынай Наталляй, кватэра належыць ёй. Увечары, калі Наталлі дома няма, у дзверы грукаюць чатыры мужчыны. Бародзіч адчыняе, яны называюцца праваахоўнікамі, валяць акцёра на падлогу, выпытваюць, ці няма у кватэры забароненых рэчаў. Бародзіч ківае на лядоўню.

“Марыхуану я ўжываю 6-7 гадоў. У мяне праблемы з ціскам праз працу. Яна вельмі нервовая, патрабуе шмат энергіі. І фізічнай, і эмацыянальнай. Я ужываю па 0,7 грама марыхуаны за раз. Маю спецыяльныя электронныя шалі. Больш не магу, мне становіцца дрэнна”, — прызнаецца Бародзіч у зале суда.

Акцёр расказвае, што у апошнія гады наркотык набываў у нейкага Сяргея, з якім яго пазнаёміла выпадковая дзяўчына падчас здымак аднаго з фільмаў.

“Некалькі гадоў таму гэта было. На здымачнай пляцоўцы пазнаёміўся з дзяўчынай, яны запытала, ці патрэбны мне наркотык. Прапанавала свайго знаёмага Сяргея ў якасці прадаўца. З ім мы бачыліся 2-3 разы. Сяргей заўсёды званіў сам з розных нумароў. Я набываў у яго марыхуану па 50 грамаў за раз. Плаціў за гэта 750 долараў”, — прызнаецца Бародзіч.

Па яго словах, апошні раз ён бачыў наркадылера ў верасні 2015-га года. Дамовіліся пра сустрэчу ля станцыі метро “Барысаўскі тракт”. Бародзіч атрымаў банку з наркотыкам, заплаціў 750 долараў і прыехаў дадому. Праз месяц у яго знайшлі рэшткі набытага тады наркотыка.

“Ніхто не бачыў, як я ужываў наркотык. Я гэта старанна хаваў. Наркотык захоўваў у лядоўні. Мая дзяўчына Наталля пыталася, што там у гэтай банцы. Я жартаваў у адказ. Не хацеў, каб яна ведала”, — сцвярджае Бародзіч. І зноў кажа пра няпростую працу: “Яна вельмі нервовая, гэта моцна адбіваецца на нервовай сістэме. Бывае па чатыры спектаклі за два дні. А яшчэ рэпетыцыі. Калі працаваць шчыра, то ўсё прапускаеш праз сябе. Гэта моцны стрэс для арганізма… але мэты прадаваць наркотыкі ў мяне не было. Я захоўваў толькі для асабістага ўжывання”.

Прадаўца марыхуаны Бародзіч апісвае як крыху кульгавага 35-гадовага мужчыну ў акулярах і з кароткай стрыжкай. Больш пра яго не ведае нічога. Ні прозвішча, ні прыблізнага месца жыхарства.

На суд над Бародзічам набіваецца поўная зала людзей. Шмат журналістаў, яшчэ больш калег і сяброў акцёра. У якасці сведкі заяўленая таксама яго дзяўчына Наталля — яна цяпер на 14 тыдні цяжарнасці. Гаворыць суддзі, што збіраецца выйсці за акцёра замуж. Адвакат просіць суддзю паслухаць рэжысёра Купалаўскага Мікалая Пінігіна, акцёра Паўла Харланчука і сябра Бародзіча Яўгена Жураўля. Усе апісваюць Бародзіча выключна станоўча.

“Гэта адзін з вядучых акцёраў тэатра. Ён моцны прафесіянал, Арцёма цяжка замяніць. Гэта вельмі таленавіты чалавек. Мы будзем з ім працаваць і далей, калі прыгавор суда дазволіць гэта рабіць, калі будзе магчымасць… Я ніколі не бачыў Бародзіча ў неадэкватным стане. Ведаеце, у нас працуюць найлепшыя акцёры, прафесіяналы. Іншых у Нацыянальным тэатры быць не можа”, — выступае ў судзе Пінігін.

Адвакат акцёра мяркуе — праваахоўнікі некарэктна праводзілі вобшук. Не пыталі дазволу на агляд памяшкання, хадзілі па пакоях кватэры, калі там нікога не было — ні самога Бародзіча, ні панятых.

Сярод момантаў, якія працуюць не на карысць акцёра — знаходкі, зробленыя падчас ператрусу. Акрамя банкі з наркотыкамі, знойдзенай у лядоўні, у Бародзіча забіраюць таксама прылады для ўжывання марыхуаны (некалькі трубак, у тым ліку самаробная з фольгі), спецыяльныя электронныя шалі, а таксама пластыкавыя пакецікі са слядамі какаіну. Па версіі абвінавачанага, ён атрымаў іх ад таго ж Сяргея і збіраўся выкарыстоўваць для захоўвання марыхуаны. А шалі набыў некалькі гадоў таму ў Санкт-Пецярбургу, бо хацеў дакладна ведаць памер сваёй дозы. Разгляд справы працягнецца ў бліжэйшыя дні. Бародзічу пагражае да 8 гадоў пазбаўлення волі.

 

Арцёму Бародзічу 34 гады, у тэатры імя Янкі Купалы працуе з 2009 года. Удзельнічае ў спектаклях “Пінская шляхта”, “Паўлінка”, “Людзі на балоце” і іншых. Актыўна здымаецца ў кіно. Некалькі гадоў таму ён ужо быў асуджаны за ўжыванне марыхуаны на адзін год умоўна.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі