29 лютага ў возеры ля падножжа вадаспаду ў раёне горада Далат ў В'етнаме знайшлі цела 26-гадовага турыста з Беларусі. Як інфармуе tut.by са спасылкай на мясцовыя СМІ, няшчасны выпадак адбыўся напярэдадні, у нядзелю.
Гэтую інфармацыю пацвердзіла беларуская амбасада ў В'етнаме.
Цела Віктара Бандарэнкі даставяць у морг у Хашымін. Потым будзе вырашацца пытанне пра яго перавозку ў Беларусь.
Паводле папярэдніх звестак, малады чалавек, распрануўшыся, скокнуў у возера ля падножжа вадаспаду Пангур. Відавочцы кажуць, што ён амаль адразу пачаў тануць. Яны спрабавалі дапамагчы беларускаму турысту, але не справіліся і паведамілі пра здарэнне мясцовым уладам.
Ратавальнікі працягвалі пошукі да дзевятай гадзіны вечара ў нядзелю, пакуль вада ў возеры не стала халоднай. На наступную раніцу пошукі аднавіліся. У пошуках беларуса ўдзельнічалі амаль 100 ратавальнікаў.
Паведамляецца, што Віктар Бандарэнка прыехаў у В'етнам 16 лютага.
Дарэчы, ў той жа мясцовасці за некалькі папярэдніх дзён у вадаспадах загінулі тры брытанцы — 25-гадовы хлопец і дзяўчаты 19 і 25 гадоў. Яны спускаліся ўніз па вадаспадзе без страхоўкі, паслізнуліся і разбіліся, зваліўшыся на камяні.