На Радаўніцу міліцыя не будзе затрымліваць за алкаголь на могілках

14/04/2018 - 12:02

На Радаўніцу 17 красавіка 2018 года міліцыя не будзе затрымліваць за распіванне алкаголю на могілках. Пра гэта на прэс-канферэнцыі ў Мінску заявіў начальнік аддзела па масавых мерапрыемствах МУС, палкоўнік міліцыі Уладзімір Станілевіч.

Выпіваць на могілках падчас Радаўніцы — народная традыцыя. Сем'і збіраюцца на месцах пахавання продкаў і выпіваюць “памінальную чарку”. Хоць гэтая традыцыя не падтрымліваецца ні каталіцкай, ні праваслаўнай царквой, яна шчыльна ўвайшла ў народныя рытуалы.

“Могілкі — грамадскія месцы. Распіванне спіртных напояў там лічыцца адміністрацыйным правапарушэннем. Але ёсць традыцыя, усё гэта разумеюць. Калі чалавек будзе паводзіць сябе адэкватна і не будзе парушаць парадак, дык міліцыя паставіцца лаяльна”, — паведаміў Уладзімір Станілевіч.

Таксама ён распавёў, што міліцыя на Радаўніцу будзе забяспечваць грамадскую бяспеку ва ўзмоцненым рэжыме. Каля могілак і цэркваў будуць задзейнічаныя пешыя нарады міліцыі. У выпадку неабходнасці будзе ладзіцца ачапленне і прапускны рэжым з выкарыстаннем металадэтэктараў.

Наведаць могілкі ў зоне адчужэння можна будзе з 9:00 да 17:00 без пропускаў, але з абавязковай рэгістрацыяй на кантрольна-прапускных пунктах з 15 па 17 красавіка.

Грамадзянам Беларусі і замежнікам для наведвання могілак у зоне адчужэння трэба мець пры сабе пашпарт ці іншы дакумент, які пацвярджае асобу.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі