На пяць расійскіх сайтаў пададзеная заява ў беларускую пракуратуру

01/02/2017 - 04:09

Актывіст ініцытыўнай групы “Дзея”, сябра "Моладзі БНФ" Мікіта Краснакуцкі звярнуўся ў пракуратуру з просьбай праверыць пяць расійскіх сайтаў. На яго думку, на гэтых інтэрнэт-рэсурсах парушаюцца нормы аб недыскрымінацыі і недапушчэнні распальвання нацыянальнай варожасці. Увагу Краснакуцкага прыцягнулі сайты stoletie.ru, zapadrus.su, politconservatism.ru, imperiyanews.ru і rumol.org.

У сваім звароце Краснакуцкі заявіў, што ў некаторых артыкулах ён бачыць “адкрытае і беспрынцыповае прыніжэнне свайго нацыянальнага гонару і годнасці”.

Так, ён звярнуў увагу на артыкул Юрыя Баранчыка “Белорусский путь” на сайце stoletie.ru. У артыкуле, апублікаваным у траўні 2014 года, гаворыцца: "Таму сёння рускія, якія пражываюць у Беларусі і складаюць 60-80% грамадзян рэспублікі, гэтак жа сама гатовыя да вяртання сабе статусу рускіх, як жыхары Крыма і Паўднёвага Усходу".

На думку Краснакуцкага, распаўсюджванне такіх тэкстаў у інтэрнэце распальвае нацыянальную варожасць і вядзе да дэстабілізацыі і расколу беларускага грамадства.

Нагадаем, што 23 студзеня 2017 года Міністэрства інфармацыі сваім загадам заблакавала доступ да сайта “Спутник и погром“, дзе размяшчаліся падобныя артыкулы.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі