На пажары ў псіхдыспансеры пад Смаргонню загінулі два пацыенты

12/12/2019 - 08:26

12 снежня ў 8:07 смаргонскім ратавальнікам паведамілі пра пажар у вёсцы Жодзішкі. Загаранне адбылося ў псіхіятрычным дыспансеры, размешчаным у гэтай вёсцы, адзначае прэс-служба МНС. 

Паводле папярэдняй інфармацыі, прычынай пажару стаў тэлевізар, які загарэўся ў фае на другім паверсе будынка.

Прыбыўшы на месца выкліку, супрацоўнікі МНС пабачылі, што калідор і памяшканні дыспансера запоўненыя моцным дымам. Да прыбыцця ратавальнікаў персанал эвакуяваў 51 пацыента. 

Пры разведцы супрацоўнікі МНС выявілі, што 66-гадовы пацыент загінуў. А вось 80-гадовую пацыентку байцы МНС змаглі выратаваць і вынесці на свежае паветра. Аднак пазней гэтая жанчына таксама памерла.

Ратавальнікі не дапусцілі распаўсюджванне пажару за межы фае.

Эвакуіраваных людзей часова размясцілі ў суседнім будынку. Акалічнасці здарэння высвятляе следча-аператыўная група.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі