На парламенцкіх выбарах у Аўстрыі перамагла ультраправая Партыя свабоды

30/09/2024 - 06:22

Прадстаўнікі Партыі свабоды Аўстрыі святкуюць перамогу / Reuters

На парламенцкіх выбарах у Аўстрыі найбольш галасоў набрала ўльтраправая Партыя свабоды. Яе падтрымалі 29% выбаршчыкаў, якія прыйшлі на ўчасткі. За кансерватыўную Народную партыю дзейнага канцлера Карла Нехамера прагаласавалі 26,5% выбаршчыкаў. На трэцім месцы Сацыял-дэмакратычная партыя Аўстрыі (21%), "Зялёныя" набралі 8%, "Рэфарматары за новую Аўстрыю" 9%.

Лідэры іншых партый ужо абвясцілі, што не маюць намер уступаць у кааліцыю з кіраўніком правых Гербертам Кіклем. Прэзідэнт Аўстрыі Аляксандр Ван дэр Беллен, які курыруе фармаванне ўрадаў, заклікаў усе партыі правесці перамовы адзін з адным. Ён таксама выказаў меркаванне, што працэс гэтым разам можа заняць больш часу, чым звыклыя два-тры месяцы.

Reuters называе Кікля правакацыйнай і супярэчлівай фігурай, нагадвае, што ён з'яўляецца саюзнікам венгерскага прэм'ер-міністра Віктара Орбана. Кікль выступае супраць дапамогі Украіне і патрабуе адмены санкцый супраць Расіі. Ён кажа, што абмежаванні наносяць большую шкоду Аўстрыі, чым Маскве. Яго прыхільнікі лічаць, што палітыка Партыя свабоды, якую можна сфармуляваць як "Аўстрыя перш за ўсё", абмяжуе нелегальную іміграцыю і падніме эканоміку. Крытыкі апасаюцца, што гэта можа прывесці да стварэння аўтарытарнай дзяржавы.

Перамогу правых у Аўстрыі ўжо прывіталі ўльтраправыя партыі па ўсёй Еўропе. Нагадаем, раней такія ж партыі сталі набіраць папулярнасць у Нідэрландах, Францыі і Германіі. Рост гэтай падтрымкі можа ўзмацніць рызыку рознагалоссяў унутры ЕС па такім ключавым напрамку палітыкі, як абарона Украіны ад Расіі, адзначае Reuters.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі